Светлагорскія міліцыянты 15 кіламетраў ішлі па снезе, каб затрымаць злодзеяў


У ноч на 20 студзеня ў Светлагорскі РАУС звярнуўся жыхар гарадскога пасёлку Парычы. Аўтааматар распавёў пра тое, што ягоная іншамарка пацярпела ад зламыснікаў. Невядомыя разбілі вакно, паведамляе афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталій Прыстромаў.

На месца здарэння прыехала следча-аператыўная група. У Парычах высветлілася, што пад руку зламыснікаў трапіла не адно аўта, а сем. Усюды было разбітыя шкло. Першапачатковая версія аб хуліганстве адпала, калі гаспадары машын заявілі пра знікненне розных рэчаў, якія знаходзіліся ў салонах аўтаў.

Прычым, скралі ўсё, што знаходзілася ўнутры, без асаблівага разбору: раскладны нож, кішэнны ліхтарык, сякеру, рулетку, сотавы тэлефон. Пакуль следчы і эксперт аглядалі аўтамабілі, аператыўнікі і ўчастковыя інспектары міліцыі шукалі сведкаў і відавочцаў.

Міліцыянты звярнулі ўвагу на аднолькавыя сляды двух асобаў, якія пятлялі вакол аўтаў. Двое участковых накіраваліся на пошукі невядомых.

Падсвечваючы сабе дарогу ліхтарыкам, яны ішлі па слядах меркаваных злачынцаў. Апошнія, дарэчы, пятлялі па ўсім населеным пункце і за яго межамі. Так прайшлі кіламетраў 15 – то ў суседнюю вёску Казлоўка, то назад у Парычы, кажа афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму.

Праз некалькі гадзін сляды ўсё ж прывялі да дома ў вёсцы Казлоўка. Адзін след перапыніўся, другі пайшоў далей. Міліцыянты падумалі, што злачынны тандэм тут падзяліўся. Паведаміўшы калегам адрас, участковыя пайшлі далей. Наперадзе замаячыла постаць чалавека, але спыніць яго не атрымалася. Невядомы спыніў аўта і з’ехаў. Вярнуўшыся назад да хаты ў Казлоўцы, міліцыянты знайшлі там аднаго з падазраваных. Хлопец распавёў аб змоўшчыку. Таксама ў доме знайшлі частку скрадзенага.

Другога падазраванага затрымалі ўжо днём. Ім аказаўся раней судзімы за крадзеж жыхар аграгарадка Міхайлаўка. У ягоным доме знайшлі другую частку скрадзенага.

Па факце здзяйснення крадзяжоў распачал і крымінальнаую справу паводле ч.2 арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў