Стэфан Эрыксан у Беларусі – і не скарыстаўся бязвізам


Былы амбасадар Швецыі ў Беларусі наведаў нашую краіну ўпершыню пасля скандалу вакол «плюшавага дэсанту».

Стэфан Эрыксан наведаў Беларусь прыватна: схадзіў на калядны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Менску, а пасля заехаў на сядзібу «Вайцюшкі» на беразе Нёмна: швед і беларус даўнія сябры, Эрыксан – хросны бацька дзяцей Вайцюшкевіча.

У размове з «Белсатам» Вайцюшкевіч адзначыў, што Эрыксан пакуль не хоча каментаваць сваю паездку, а пра ўражанні ад візіту абяцае напісаць пост у «Фэйсбуку».

«Пакуль Эрыксан тут, я – ягоны сакратар», – пажартаваў музыка.

Дыпламат добра ведае беларускую мову, падтрымлівае сяброўскія адносіны з беларускімі музыкамі і пісьменнікамі. Падчас уручэння Нобэля Святлане Алексіевіч Эрыксан суправаджаў яе ў Стакгольме і выконваў функцыю яе прэс-аташэ.

Пяць з паловай гадоў таму беларускія ўлады не працягнулі Стэфану Эрыксану дазвол на працу, ніяк не патлумачыўшы гэтага рашэння.

Імаверна, непрацягнутая дыпламатычная акрэдытацыя – вынік скандалу вакол акцыі шведскай PR-кампаніі Studio Total, калі яе супрацоўнікі 4 ліпеня 2012-га нелегальна лёталі над Беларуссю паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і Менскам каля 800 плюшавых мядзведзікаў з цыдулкамі ў падтрыманне дэмакратыі ў Беларусі.

31 ліпеня за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Лукашэнка зняў з пасадаў кіраўніка памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна.

Па абвінавачванню ў дапамозе арганізацыі акцыі шведскага піяр-агенцтва па «высадцы плюшавых мядзведзікаў» на тэрыторыі Беларусі журналіст Антон Сурапін правёў 35 дзён у СІЗА КДБ. Пасля гучнай кампаніі салідарнасці журналіста вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, а пазней знялі з яго ўсе абвінавачанні. Пазней Сурапін дамогся кампенсацыі ў Br 8 млн (старымі) праз суд.

Цяпер Стэфан Эрыксан кіруе офісам Рады міністраў паўночных краін у Рызе.

ДД

Стужка навінаў