Статкевіч: Можам пачувацца бяспечна, калі Пуцін не прывязе аўтобусамі «тыпу беларусаў»


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/gfT3g7-4Lok?t=5m20s”][/vc_column][/vc_row]Былы кандыдат на прэзідэнцтва наведаў студыю «Прасвету». Пра тое, як у пачатку 1990-х ганялі прыхільнікаў «русского мира» ў Віцебску і якая самая вялікая пагроза для Беларусі – у інтэрвю з Мікалаем Статкевічам.

Дзмітрый Гурневіч: Ці ёсць пагроза, што хтосьці ў Расеі можа адкрыта выкарыстоўваць сцэнар сепаратызму ў Беларусі?

Мікалай Статкевіч: Такая пагроза ёсць. У пачатку 1990-х таксама спрабавалі разыграць «прарасейскую карту» ў Віцебску. Я тады кіраваў Вольным згуртаваннем вайскоўцаў, і наша моладзевая структура выязджала туды двойчы, нават даходзіла да прамых сутыкненняў.

Дзмітрый Гурневіч: Але з кім?

Мікалай Статкевіч: Гэта Славянскі сабор, яшчэ нейкія моладзевыя ваенізаваныя арганізацыі. Мы тады адзін раз нават іх там ганялі разам з мясцовай школай самба, якая нас падтрымоўвала. А потым яны пайшлі на выбары, занялі апошнія месцы, і гэтая тэма знікла.

Дзмітрый Гурневіч: Ці можа сёння нехта рэанімаваць тых жа казакоў ці гэта будзе хтосьці, прывезены аўтобусамі?

Мікалай Статкевіч: Я думаю, што, хутчэй за ўсё, аўтобусамі, бо беларускае грамадства настолькі задаўленае і падаўленае – гэта тычацца прыхільнікаў розных ідэалогій, у тым ліку і «рускага свету».

Дзмітрый Гурневіч: То бок дзякуючы сваёй рахманасці можам пачуваць сябе бяспечна?

Мікалай Статкевіч: Калі Пуцін не прывязе нам прарасейскі настроеных «ціпа беларусаў» з Расеі аўтобусамі, як вы казалі.

Дзмітрый Гурневіч: А як будзе сябе паводзіць беларускае войска, калі штосьці такое ў Беларусі можа здарыцца?

Мікалай Статкевіч: Усё ж такі асноўная пагроза гэта не ад гэтых людзей, якіх могуць да нас прывезці. А ёсць тры чыннікі пагрозы незалежнасці і бяспецы Беларусі.

Першы: тое, што Лукашэнка стварыў не нармальную эканоміку, а стратную філію расейскай эканомікі, цалкам з ёй звязаную. Другі: патуранне расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Мы знаходзімся цалкам у полі дзейнасці расейскіх тэлеканалаў, большая частка беларусаў бярэ інфармацыю адтуль. І нарэшце апошні чыннік, у дадзенай сітуацыі можа зрабіцца нават галоўным: Лукашэнка 20 год праводзіў антынацыянальную палітыку, знішчаў мову, гістарычную памяць.

І імкнуўся рэпрэсаваць людзей, якія б у выпадку крызісу маглі бараніць незалежнасць. Асноўная пагроза беларускай незалежнасці – сам спадар Лукашэнка і ягоная палітыка.

Дзмітрый Гурневіч: Ці на чацвёртым месцы знаходзілася б расейская вайсковая база?

Мікалай Статкевіч: Калі яна ўзнікне, безумоўна, так. Але спачатку гэтая пагроза будзе палягаць у тым толькі, што мы робімся таксама мішэнню. Безумоўна, краіны НАТО будуць на нас нейкія боегалоўкі перанацэльваць.

Потым, калі будзе зроблены наступны крок – размяшчэнне базы сухаземных войскаў, то гэта ўжо магчымасць удзелу, напрыклад, у дзяржаўным перавароце, у падаўленні нейкіх выступаў ці нават база для прамой вайсковай агрэсіі.

Размова цалкам – у відэа вышэй.

Стужка навінаў