Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партны заявіў, што бязвізавым рэжымам для ўезду ў Беларусь скарысталіся 52 тыс. турыстаў.
«52 тыс. турыстаў прыехалі ў Беларусь па бязвізавым рэжыме з моманту яго ўвядзення», – адзначыў сёння Міхаіл Партны.
Папярэдняя лічба, якую агучвалі ў міністэрстве – каля 30 тыс. турыстаў у межах бязвізу напрыканцы чэрвеня.
Партны паведаміў, што цяпер разглядаецца пытанне аб павелічэнні тэрміну бязвізавага знаходжання ў Беларусі – пакуль ідзе гаворка пра 10 содняў і гэтае рашэнне на 90% ужо прапрацаванае.
«Па бязвізу мы рухаемся наперад паспяхова, але асцярожна», – падсумаваў намеснік міністра.
Таксама, паводле слоў чыноўніка, прапрацоўваюцца магчымасці распаўсюдзіць бязвіз на ўезд не толькі праз Нацыянальны аэрапорт Менск, паведамляе БелТА.
12 лютага ў Беларусі запрацаваў бязвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў. Згодна з ім, тым, хто прылятае ў аэрапорт Менск, непатрэбная віза для візітаў у Беларусь, не даўжэйшых за пяць дзён. Бязвізавы рэжым распаўсюджваецца на 39 краінаў Еўропы, а таксама ЗША, Канаду, Інданезію, Японію, Індыю ды іншыя дзяржавы.
ІІ, belsat.eu