Спынены рух і пустыя межы. Паміж Польшчаю і Расеяй разгараецца транспартавы канфлікт

video

З сённяшняга дня скончыліся ўзаемныя пагадненні паміж краінамі на ўезд цяжкавых аўтамабіляў.

Новых пакуль не падпісалі, што ставіць пад пагрозу ўсе грузавыя перавозкі паміж краінамі. Колькі можа каштаваць вайна грузаў і што страціць ад яе Беларусь?

Мяжа Польшчы і Расеі, каля Калінінградскай вобласці. Гэтак спакойна тут не было ўжо даўно – нулявы рух, адсутнасць правяранняў і амаль ніводнага грузавога аўтамабіля.

Сёння выключная сітуацыя, бо нічога ня едзе. Але раней да першага лютага грузавыя аўтамабілі праязджалі мяжу ў абодвух кірунках. Панікі не было, кіроўцы толькі пыталіся, ці змогуць яны вярнуцца, калі паспеюць выехаць перад поўначчу.

Акурат апоўначы скончыўся тэрмін дзеяння дазволаў на ўезд у Расею для польскіх міжнародных перавозчыкаў. І – адпаведна – для расейскіх у Польшчу. Ранейшыя перамовы вынікаў не прынеслі. Расейскі бок цвердзіць, што ў Польшчы незадаволеныя, бо Масква хоча перакрыць доступ да незаконных схемаў. Варшава кажа, што змены ў расейскім заканадаўстве скіраваныя супраць замежных перавозчыкаў – перадусім польскіх. І супярэчаць міжнароднаму праву.

«У лютым урад Расеі прыняў новы закон, які датычыць кантролю міжнароднага транспарту. Як кажуць адмыслоўцы, гэта можа скараціць нават да 15 адсоткаў абʼём польскага транспарту. Гэта таксама і скарачэнне экспарту польскіх тавараў у Расею. Можна сказаць, што гэта новы від санкцыяў, якія Расея ўводзіць супраць Польшчы».

Страты адчуем і мы: асноўная частка ўсіх грузаў ідзе праз тэрыторыю нашай краіны. Пры зачыненых межах мы не будзем мець прыбыткаў, якія дагэтуль атрымлівалі ад транзіту праз Беларусь.

СЯРГЕЙ ШТОДА, ЛІДАР БЕЛАРУСКІХ ПЕРАВОЗЧЫКАЎ:
«Беларусам для перавозак сваіх грузаў у і з трэціх краінаў у Расею патрэбныя дазволы трох відаў. Расейцам ніякіх дазволаў для перасячэння нашай краіны ўвогуле не трэба ад нас. Яны зрабілі гэта для таго, каб сваім транспартам забіраць свой груз з той жа Нямеччыны. Каб не палякі вазілі ці беларусы – паехаў у Польшчу і забраў груз, а каб яны самі вазілі сваім транспартам. Ідзе абарона сваіх перавозчыкаў».

Летась такіх дазволаў выдалі каля 250 тысяч, але Расея скарачае іх колькасць ня першы год. І гэта ставіць пад пагрозу і бізнес польскіх перавозчыкаў, і грузавы транспарт з іншых краінаў.

Калі новых пагадненняў не падпішуць, польскія фуры мусяць выехаць з Расеі да сярэдзіны лютага. Адмыслоўцы ж падлічваюць імаверныя страты: для абедзвюх краінаў яны складуць сотні мільёнаў долараў.

Ганна Любакова, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары