Спіраль маўчання: расейцы баяцца выказваць меркаванне пра сітуацыю ў краіне


Гаварыць пра набалелае праз страх не хочуць каля 26 % расейцаў.

Амаль палова рэспандэнтаў (49%) неахвотна выказваюць свае погляды падчас апытанняў. 56% з іх «асцерагаюцца негатыўных наступстваў для сябе» – гэткія вынікі сацыялагічнага апытання «Левада-цэнтру».

Яшчэ 20% адказалі, што праўда непрыемная ім самім. 9% асцерагаюцца неадабрэння асобы, якая праводзіць апытанне.

Паводле намесніка дырэктара «Левада-цэнтру» Аляксея Гражданкіна, у падобных даследаваннях людзі могуць выказвацца больш лаяльна да ўлады, чым ставяцца да яе на самай справе. Ён адзначыў, што людзі з апазіцыйнымі поглядамі часцей за іншых баяцца казаць, што думаюць.

Праблема сацыяльна адобраных адказаў існуе не першы год.

«Гэта называецца спіраль маўчання. Людзі ідуць за большасцю, баяцца вылучыцца, забабонна аддаюць перавагу не будзіць ліха і адказваюць падрыхтаванымі пазітыўнымі мантрамі», – распавёў kommersant.ru палітычны тэхнолаг Канстанцін Калачоў.

Апытанне праводзілі ў лістападзе ў 48 рэгіёнах краіны.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары