Шуневіч назваў збіццё хлопца ў метро законным


Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч пракаментаваў інцыдэнт з затрыманнем міліцыяй маладзёна на «Кастрычніцкай».

«У гэтым выпадку быў тыповы варыянт. Асоба знаходзілася ў стане алкагольнага і наркатычнага апянення. Гэта элемент нашай службовай дзейнасці. Вядома, хацелася б, каб такія выпадкі адбываліся радзей, але мы ад іх нікуды ня дзенемся. Дзеянні супрацоўніка былі паслядоўныя і законныя. Ён выканаў тую задачу, якая тады стаяла, – затрымаць гэтага грамадзяніна», – заявіў Шуневіч.

Паводле яго, апошнім часам усё часцей супрацоўнікі органаў унутраных спраў трапляюць у сітуацыю, калі грамадзяне ім актыўна супраціўляюцца і не падпарадкоўваюцца.

Траўму, якую атрымаў міліцыянт пры затрыманні Шуневіч назваў «вытворчай траўмай».

30 траўня хлопца адпусцілі дадому. Шуневіч кажа, што гэта рашэнне прымалі не ў МУС.

«Рашэнні паводле такіх матэрыялаў праводзіць суд. Мы толькі затрымліваем і складаем пратакол».

Інцыдэнт у менскім метрапалітэне здарыўся 27 траўня. Відэа жорсткага затрымання хлопца на станцыі метро «Кастрычніцкая» ўскалыхнула інтэрнэт. Пазней міліцыя прадставіла сваю версію падзей, назваўшы паводзіны хлопца неадэкватнымі.

Гэта не першы выпадак жорсткага збіцця ў метро, калі міліцыянтам даводзіцца апраўдвацца за свае дзеянні. Паўтары гады таму на станцыі метро Уручча міліцыянты збілі сляпога, а пасля заявілі, што той аказаў супраціў іх дзеянням. У навагоднюю ноч у Менску міліцыянты стралялі ў спіну няўзброенаму чалавеку. А 24 траўня ў Лунінцы п’яны супрацоўнік міліцыі здзейсніў ДТЗ. Ад пачатку года гэта ўжо трэці выпадак, калі міліцыянтаў затрымліваюць за кіраванне аўтам у п’яным стане. Але замест адстаўкі міністра Шуневіча, найвышэйшае кіраўніцтва МУС захоўвае маўчанне.

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў