09:33 Людзей не пускаюць на тэрыторыю, таму людзі сабраліся пад плотам каля будынку.
09:27 Калона дайшла да Адміністрацыі.
09:17 Калона дайшла да Майдана Незалежнасці.
09:09
«Пэўна, ува Украіне больш няма такіх журналістаў на радыё. Кожны эфір з ім – гэта было нешта», – кажа слухач Паўла.
09:00 Журналісты, праваабаронцы, сябры і слухачоы Паўла ў калоне ідуць да Адміністрацыі прэзідэнта, каб патрабаваць расследавання забойства. Людзі трымаюць у руках плакаты з надпісам «Хто забіў Паўла?». Актывісты ў майках з такім надпісам. Надпісы з пытаннем ёсць і на асфальце.
08:58
«Паша быў дабраком. Ён заўсёды станавіўся для ўсіх сябрам і з ім было ўтульна. Інфармацыі мала, усе версіі могуць быць магчымымі», – кажа журналіст Аркадзь Бабчанка, які таксама прыйшоў на месца, дзе забілі Шарамета.
08:50
«Расследаванне не праводзіцца, бо не бачна вынікаў. Прайшоў год. Мы б хацелі, каб праваахоўныя органы далі больш інфармацыі, на якой стадыі цяпер гэтая справа», – кажа актывістка і прадстаўніца Amnesty international.
08:49 Людзі збіраюцца прайсці шэсцем да Адміністрацыі Парашэнкі і запатрабаваць актывізацыі расследавання. Удзельнікі акцыі фармуюць калону.
08:38
«Са мной прыехалі сябры з Беларусі. Гэта вельмі важна. Ён казаў і пісаў тое, што думаў», – кажа хлопец.
«Мы прыйшлі сюды нагадаць уладзе, што нічога не зроблена і замоўца і выканаўца не знойдзены», – кажа прысутная Аліна.
08:34 На акцыю прыйшоў хлопец з бел-чырвона-белым сцягам.
08:28
«Год прайшоў, а інфармацыі столькі ж як і ў першы дзень», –кажа журналіст Мустафа Наем.
08:24
«Мы ведалі Паўла яшчэ з Беларусі і мы бядуем. Я не думаю, што гэта расейскі альбо беларускі след. Унутры ёсьць сілы, якія хочуць дэстабілізаваць сітуацыю», – мяркуе адзін са знаёмых Паўла.
08:21 Сабралося каля двухсот чалавек.
08:19 Грае песня Dire Straits, якую любіў Павел.
08:17 Алена Прытула, ягоная грамадзянская жонка Паўла Шарамета, паехала на акцыю памяці ў Менск.
«Мы не хочам, каб улада прыкрывалася расейскім следам», – кажа галоўны рэдактар «Украінскай праўды» Сеўгіль Мусаева.
«Следства дагэтуль не вызначылася з версіяй. Мы нічога не ведаем і ў гэтым нашая галоўная прэтэнзія», – кажа яшчэ адна рэдактарка «УП» Аксана Каваленка.
08:11 Людзі сабраліся на месцы, дзе ўзарвалі аўтамабіль Паўла Шармаета – на скрыжаванні вуліц Хмельніцкага і Франка. Удзельнікі акцыі памяці падыходзяць са знічамі і кветкамі. Прысутнічае амбасадарка ЗША, а таксама шэраг іншых палітыкаў, журналістаў, грамадскіх дзеячаў.
Пачатак акцыі запланаваны на 8:00 раніцы – час, калі год таму загінуў Шарамет.
Год таму ў цэнтры Кіева забілі журналіста Паўла Шарамета – выбухоўка спрацавала ў аўта, у якім ён ехаў на працу. 20 ліпеня калегі і сябры Шарамета збяруцца на месцы трагедыі, на перакрыжаванні вуліц Франка і Хмельніцкага ў цэнтры ўкраінскай сталіцы.
«Нам вельмі бракуе Паўла, але яшчэ гарчэй тое, што за год паліцыя не дала адказу на пытанне, хто быў забойцам і заказчыкам забойства», – напісалі калегі Шарамета ў сацыяльных сетках.
Удзельнікі пройдуць шэсцем да будынку Службы бяспекі Украіны, Адміністрацыі прэзідэнта Парашэнкі і Міністэрства ўнутраных справаў і запатрабуюць справядлівага расследавання злачынства.
«Я кожны дзень атрымліваю інфармацыю, аднак гэта не для публічнага дыскурсу. Будуць вынікі – будзе інфармацыя», – заяўляў міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў летась.
Таксама Арсен Авакаў заклікаў палітыкаў, якія не маюць дачынення да расследавання, не раскрываць факты і зачэпкі следства, а таксама ўстрымацца ад распаўсюду здагадак.
Забойцы і замоўцы злачынства дагэтуль невядомыя.