Рэжысёр іміджавай стужкі пра МТЗ: Лукашэнка паглядзеў – і папрасіў «падмантаваць» туды сябе


Паводоле рэжысёра, кіраўніку Беларусі фільм спадабаўся.

Фільм «Карміцель» працягласцю больш за 17 хвілін, зняты для Менскага трактарнага заводу, стаў срэбраным прызёрам у дзвюх намінацыях: «Іміджавы фільм» і «Унутраныя камунікацыі» на міжнародным фестывалі «The Cannes Corporate Media & TV Awards–2016» у Францыі.

«Я так разумею – прэзідэнт Лукашэнка глядзеў і застаўся задаволены. На свята (маецца на ўвазе 70-годдзе МТЗ. – Заўв. «Еўрарадыё») нават папрасіў падмантаваць яго да гэтага кіно. Карацей, там нейкая свая кухня», – распавядае дырэктар і сузаснавальнік «LBL Production», а таксама рэжысёр «Карміцеля» Павел Мяняйла.

«Трэба разумець, якія [у МТЗ] былі «хацелкі»: вось мы пасля вайны гераічна пабудаваліся, вось мы гераічна выпусцілі столькі-та трактароў. Карацей, хацелі юбілейнае кіно. А атрымалі крыху іншае, – працягвае Павел. – Тлумачыць, дамаўляцца – і ўпэўніць іх даверыцца [нам] – гэта была самая складаная частка».

«Cannes Corporate Media & TV Awards» – міжнародны конкурс, дзе ацэньваецца карпаратыўнае відэа і медыі. Прызы – залаты, срэбраны, сіні і чорны дэльфіны. Белы дэльфін – у якасці Гран-Пры.

У гэтым годзе на конкурс было пададзена рэкордная колькасць заявак з усяго свету – больш за 1 тыс. З іх узнагароды атрымалі 177 стужак.

У 2016 годзе на МТЗ працавалі больш за 17 тысяч чалавек. Некалькі гадоў таму колькасць працаўнікоў была яшчэ большай – каля 20 тыс. чалавек. Праўда, МТЗ уваходзіць у лідары самых стратных беларускіх прадпрыемстваў. Летась яго страты склалі больш за Br 500 млрд. Застаўленая сотнямі непрададзеных трактароў тэрыторыя заводу трапіла на здымкі спадарожніка ў «Google Maps». Сёлета завод афіцыйна меў чатырохдзённы працоўны тыдзень.

ЮВ, belsat.eu, паводле euroradio.fm

Стужка навінаў