Іміджавы фільм Менскага трактарнага заводу атрымаў двух «Срэбраных дэльфінаў» у Канах


Фільм «Карміцель» працягласцю больш за 17 хвілін, зняты для Менскага трактарнага заводу, стаў срэбраным прызёрам у дзвюх намінацыях: «Іміджавы фільм» і «Унутраныя камунікацыі» на міжнародным фестывалі «The Cannes Corporate Media & TV Awards–2016» у Францыі.

Фільм зняты новасібірскай студыяй «LBL Production», якая і паведаміла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» пра прэстыжныя ўзнагароды.

«Cannes Corporate Media & TV Awards» – міжнародны конкурс, дзе ацэньваецца карпаратыўнае відэа і медыі. Прызы – залаты, срэбраны, сіні і чорны дэльфіны. Белы дэльфін – у якасці Гран-Пры.

У гэтым годзе на конкурс было пададзена рэкордная колькасць заявак з усяго свету – больш за 1 тыс. З іх узнагароды атрымалі 177 стужак.

Менскі трактарны завод – беларускае прадпрыемства ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў свеце (каля 10 % сусветнага рынку колавых трактароў).

У 2016 годзе на прадпрыемстве працавалі больш за 17 тысяч чалавек. Некалькі гадоў таму колькасць працаўнікоў была яшчэ большай – каля 20 тыс. чалавек. Праўда, МТЗ уваходзіць у лідары самых стратных беларускіх прадпрыемстваў. Летась яго страты склалі больш за 500 млрд рублёў. Застаўленая сотнямі непрададзеных трактароў тэрыторыя заводу трапіла нават на здымкі спадарожніка ў Google Maps. Сёлета завод афіцыйна меў чатырохдзённы працоўны тыдзень.

МЯ, паводле marketing.by

Стужка навінаў