Расейскае інфармагенцтва называе Беларусь «звярʼяцелаю недадзяржаваю»


zrzut-ekranu-2016-10-26-o-13-40-30

Апошнія гады расейскія медыі перыядычна рабілі выпады ў бок Беларусі. 25 кастрычніка антыбеларуская прапаганда выйшла на новы ўзровень, піша nn.by.

Расейскае інфармагенцтва regnum.ru апублікавала матэрыял, у якім Беларусь называецца «зварʼяцелаю недадзяржаваю», а нацыю – «выдуманаю».

Асабліва разʼюшыла аўтарку ініцыятыва некаторых дзіцячых садкоў зрабіць чацвер днём беларускай мовы.

«Беларускія русафобы, дапушчаныя дзяржавай да высокіх пасадаў, прыдумалі новы спосаб забруджвання мазгоў падрастаючаму пакаленню беларускім дыялектам рускай мовы, – піша Ала Бронь (псеўданім). – Цяпер у дзіцячых садках замест «рыбнага дня» у чацвер будзе дзень беларускай мовы. Такім чынам, беларуская дзяржава разлічвае паступова пераадолець іррэдэнтысцкія настроі беларусаў, абсалютная большасць якіх жадае ўзʼяднання са сваёй вялікай Радзімай – Расеяй».

Далей ідзе сцвярджэнне, што беларускую мову выдумалі трацкісты, а асобныя гаворкі ў рэгіёнах на асобную мову не цягнуць.

Беларуская нацыя, маўляў, таксама прыдуманая, але палякамі.

«Калі праз некалькі дзесяцігоддзяў многія еўрапейскія мовы перастануць існаваць, то што казаць пра новаствораную?», – піша аўтар/ка, выкарыстоўваючы тыповы прыём прапаганды, калі сцвярджэнне немагчыма праверыць.

Пры гэтым беларуская мова называецца патрэбнай толькі «зварʼяцелай недадзяржаве» – Беларусі.

«Усё, чаго дамогуцца беларусізатары – сапсуюць вашаму дзіцяці маўленне. Яно будзе гаварыць з акцэнтам і блытаць рускія словы з беларускімі. Калі гэта здарыцца з ім у досыць раннім узросце, магчыма, гэта ўжо нельга будзе выправіць. Скажу пад сакрэтам, што няўменне правільна гаварыць на літаратурнай мове ва ўсім свеце лічыцца прыкметай нізкага паходжання і зʼяўляецца тормазам сацыяльнага росту. Калі вам неабыякава будучыня вашых дзяцей – не дазваляйце палітыкам ставіць над імі эксперыменты. Магчыма, заўтра Лукашэнка вычысціць беларусізатараў з дзяржапарату і пабяжыць на паклон у Маскву, а гаворка ў вашага дзіцяці ўжо будзе сапсавана назаўжды», – так сканчаецца антыбеларускі матэрыял расейскіх прапагандыстаў.

Раней Ала Бронь напісала артыкулы з наступнымі загалоўкамі: «Беларусь олигархическая: где лежат 30 долларов Владимира Макея», «К какой «гибридной войне» и с кем готовятся в Белоруссии» і «”Фабрика мозга” готовит Белоруссию к войне против России».

ЮВ, belsat.eu, паводле nn.by

Глядзі таксама
Каментары