Праваабаронцы: на палітвязня Міхаіла Жамчужнага ціснуць у калоніі


Міхаіл Жамчужны

Палітвязень Міхаіл Жамчужны пасля пераводу ў папраўчую калонію №9 г. Горкі ўжо другі раз змешчаны ў ШІЗА.

Як паведамляе праваабарончы партал spring96.org, правакацыі супраць Міхаіла Жамчужнага пачаліся яшчэ ў Ваўкавыскай калоніі і працягнуліся ў Горках, куды ён у тэрміновым парадку быў пераведзены 10 ліпеня. Праваабаронцы адзначаюць, што на палітвязня ціснуць праз іншых зняволеных.

«Правакацыі звязаныя з устанаўленнем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін, якія дазваляюць з папушчальніцтва адміністрацый папраўчых устаноў ствараць умовы для жорсткага, зневажальнага абыходжання да асобных асуджаных. 3 жніўня Міхаіла Жамчужнага адміністрацыя калоніі спрабавала перавесці ў атрад, які сфармаваны з асуджаных з «нізкім статусам». Калі палітвязень адмовіўся, на яго быў складзены рапарт аб парушэнні ўмоваў адбыцця пакарання, і ён быў адпраўлены на 5 сутак у ШІЗА. Пасля выхаду з ізалятара, 8 жніўня, яго зноў паспрабавалі адвесці ў той жа атрад, аднак палітвязень зноў адмовіўся і зноў быў адпраўлены ў ШІЗА – ужо на 10 сутак. З 9 жніўня Міхаіл Жамчужны знаходзіцца ў ізалятары», – паведамляюць у ПЦ «Вясна».

Праваабаронцы лічуць, што сваімі дзеяннямі адміністрацыя калоніі аказвае ціск на Міхаіла Жамчужнага.

У ліпені 2015 года заснавальнік «Платформ Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнамубольш строгае пакаранне – 6,5 гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі; дачы хабару.

Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітычным зняволеным.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары