Праграма ў гімназіях не будзе адрознівацца ад школ да 10 класа. Іспыты ў 5 клас адменяць


Гімназіі ў Беларусі зачыняць не будуць, але экзамены для паступлення туды пасля чацвёртага класа адменяць. Пра гэта TUT.BY паведамілі ў Міністэрстве адукацыі.

Дзеці будуць трапляць у гімназіі паводле прапіскі. Акрамя таго, да старэйшай школы ў гімназіях і школах будзе аднолькавая праграма.

«Гімназіі зачыняцца не будуць, яны застануцца як установы адукацыі. Але адмяняем экзамены пасля чацвёртага класа. Уступных экзаменаў у пяты клас не будзе. Няхай людзі не трацяць грошы і не рыхтуюцца», – паведаміла прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая.

У Мінадукацыі адзначаюць, што ад звычайных школ гімназіі будуць адрознівацца праграмай пасля дзявятага класа. Пасля яго ж будзе і профільная адукацыя.

«Пасля дзявятага класа будзе незалежны экзамен і вось тады ўжо будзе паступленне або ў гімназію, ці далей. Дапусцiм, я з іншай школы і хачу паступіць у гімназію. Будуць паступаць туды не пасля чацвёртага класа, а пасля дзявятага. Каб дзеці самі матывавана выбіралі сабе тую праграму навучання, якая ім цікавая. Пасля дзявятага – або гімназія, ці школа базавая, ці прафтэхвучылішчы. Гэта ўжо, лічы, дарослы чалавек, які сам можа вызначыцца», – адзначылі ў Мінадукацыі.

Зрэшты, кажа Людміла Высоцкая, пытанне, калі менавіта будуць здаваць іспыты ў гімназію, яшчэ вырашаецца. Магчыма, гэта будзе і пасля восьмага класа.

У міністэрстве адзначаюць, што міністр наконт гімназій ужо прыняў рашэнне, а пытанне адмены экзаменаў пасля чацвёртага класа цяпер вырашаюць на заканадаўчым узроўні.

Акрамя таго, у мінадукацыі сцвярджаюць, што навучальныя планы школ і гімназій ужо зараз маюць мінімальныя адрозненні. Людміла Высоцкая адзначае:

«Сёння ў шматлікіх бацькоў ёсць памылковае меркаванне, што ў гімназіях нешта вывучаецца на павышаным узроўні па параўнанні са звычайнымі школамі. Адрозненні мінімальныя.

А добры калектыў выкладчыкаў сёння можа быць і ў звычайных школах. А то сёння мы з гімназій робім нейкую эліту. Мы хоць і гаворым, што ўсё празрыста пры паступленнях у пяты клас у гімназіі, але сёння ступень карупцыі ніхто не адмяняў. І калі слабае дзіця паступае ў гімназію, то потым на фоне моцных дзяцей ён занадта ўжо вылучаецца. Так, у гімназіях ёсць профільныя класы, дзе ідзе паглыбленае навучанне, так гэтыя профільныя класы мы хочам зараз ствараць і ў звычайных школах, як гэта было раней: матэматычны, гуманітарны».

У пачатку кастрычніка гэтага года віцэ-прэм’ер Васіль Жарко выказваўся пра магчымую адмену ўступных экзаменаў у гімназіі пасля чацвёртых класаў. Гэтая прапанова прагучала і на Рэспублікнскай педагагічнай нарадзе ў жніўні 2017 года.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў