Прадстаўнік Нямеччыны: Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі – лакмусавая паперка для ацэнкі шанцаў па перазагрузцы адносін з ЕЗ


Будучыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі з’яўляюцца лакмусавай паперкай для ацэнкі шанцаў па перазагрузцы адносін паміж Беларуссю і Еўразвязам, заявіў 3 верасня ў Менску каардынатар федэральнага ўраду Нямеччыны па міжграмадскай супрацы з Расеяй, краінамі Цэнтральнай Азіі і Усходняга партнёрства Гернат Эрлер.

На сустрэчы з журналістамі ён, у прыватнасці, адзначыў, што нагодай для яго візіту ў Менск паслужыла вызваленне 22-га жніўня шасцярых палітзняволеных і «звязаныя з гэтым чаканні беларускага кіраўніцтва ў тым, што датычыць рэакцыі на гэта Захаду».

«Праблема палітзняволеных шматгадовая, яна была перашкодай для нармалізацыі адносін паміж Еўразвязам і Беларуссю», – сказаў Эрлер.

Згодна з яго словамі, паводле даручэння ўраду Нямеччыны на сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем 3 верасня ў Менску Эрлер паведаміў, што гэты крок вітаецца і ацэньваецца станоўча, падае БелаПАН.

«Гэты крок адкрывае магчымасці для таго, што ў міжнародным плане завуць перазагрузкай адносін, – заявіў ён. – Вядома, хацелася б, каб гэты першы крок меў працяг. У якасці вырашальнай падзеі мы маем на ўвазе выбары, якія з’яўляюцца лакмусавай паперкай для ацэнкі шанцаў на перазагрузку».

Як адзначыў Эрлер, калі выбары пройдуць сумленна і наглядальная місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ будзе мець магчымасць бесперашкодна ажыццяўляць працу па назіранні за імі, то гэта «аўтаматычна адчыняе дзверы перад Еўразвязам і Нямеччынай для паляпшэння адносін».

Прадстаўнік Нямеччыны падкрэсліў, што да 30 кастрычніка мусіць быць прынятае рашэнне аб санкцыях Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі.

«Калі ацэнка выбараў будзе станоўчай, будзе адкрыты шлях у кірунку прыпынення санкцый і пачатку палітычнага дыялогу па сутнасці, – сказаў нямецкі чыноўнік. – У межах гэтага дыялогу гатовыя прыйсці да супрацы па шэрагу кірункаў, якія ўяўляюць цікавасць для Беларусі, у тым ліку па перамоўным працэсе аб аблягчэнні візавага рэжыму, магчымасці правядзення ў наступным годзе інвестыцыйнай канферэнцыі, аказанні падтрымання Беларусі па ўваходжанні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю».

Прадстаўнік ураду Нямеччыны аднак сумняецца, што санкцыі ЕЗ у дачыненні да Беларусі будуць перагледжаныя да выбараў.

Эрлер таксама адзначыў, што Макей заявіў пра гатовасць беларускага боку «на выбарах пайсці ў падтрыманне чаканняў Захаду, у тым ліку ў тым, што датычыць працы наглядальнай місіі, і такім чынам адкрыць магчымасць для развіцця адносін».

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў