Менскі трактарны завод праводзіць «генеральную ўборку». Па суботах і нядзелях працаўнікі бясплатна прыбіраюць тэрыторыю, нязгодных пужаюць звальненнем.
«Белсат» пагаварыў з працаўніцай заводу.
«Працую на МТЗ ужо гадоў дзесяць. У цяперашні час усе абураныя тым, што 15 траўня на заводзе чакаюць прэзідэнта, з-за чаго ўсё мыюць і чысцяць. Людзям ужо гэта надакучыла. Выклікаюць у выходныя, у суботы і нядзелі, людзі працуюць увогуле бясплатна. У цэхах увогуле дурдом: працы няма, бо трактары ніхто не набывае, і рабочых гвалтоўна прымушаюць, нават пад пагрозамі звальнення, фарбаваць, мыць падлогі і гэтак далей», – кажа суразмоўца «Белсату».
Разам з уборкай тэрыторыі, пільна хаваюць трактары, якія не могуць прадаць, кажа працаўніца заводу. Яна мяркуе, што спадзявацца ў такой сітуацыі на «кішэнны» прафсаюз, які «баіцца нешта рабіць», не выпадае.
Паводле словаў працаўніцы МТЗ, нараканні рабочых выклікаюць і заробкі. Напрыклад, у механічным цэху атрымоўваюць не больш за 3,5 млн рублёў.
НМ, belsat.eu