Паляк двойчы спрабаваў уцячы ў Беларусь у пошуках лепшай долі


Беларускія памежнікі затрымалі ноччу недалёка ад Берасця польскага грамадзяніна, які нелегальна пранік у Беларусь дзеля пошукаў працы.

«Ноччу 12 жніўня на памежную заставу «Берасце» дайшоў сігнал трывогі з сігналізацыйнага комплексу. У дадзенай сітуацыі заставу паднялі на каманду «Да зброі», выехалі ўсе элементы баявой тэхнікі», – апісвае гэты момант прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэту.

На месцы сілавікі заўважылі сляды на пасе зааранай зямлі, які раздзяляе Польшчу і Беларусь. Сляды вялі, аднак, не на захад, як гэта звычайна здаралася, але ў супрацьлеглым кірунку. Праз некалькі хвілінаў абаронцы дзяржаўнай мяжы схапілі ўцекача з Польшчы. Ён меў пры сабе харчы, польскае пасведчанне асобы, банкаўскую карта і 63 польскіх злотых (каля $ 16,5).

Як не раз, то два

Высветлілася, што 35-гадовы беспрацоўны мужчына ўжо другі раз спрабаваў нелегальна прабрацца ў Беларусь, дзе ён спадзяваўся атрымаць працу ў якасці будаўніка. Першы раз яго затрымалі беларускія памежнікі сёлета ў траўні, пасля чаго яго дэпартавалі ў Польшчу з афіцыйным папярэджаннем пра гадавую забарону на ўезд у Беларусь. Гэтым разам мужчыну могуць абвінаваціць у паўторным незаконным пераходзе мяжы цягам аднаго года.

На надзіманай лодцы праз Буг

Гэта не першы падобны выпадак, калі грамадзяне Еўразвязу спрабавалі незаконна перасекчы мяжу Беларусі. Сёлета ў сакавіку беларускія памежнікі наткнуліся на беразе Бугу на грамадзянку Славеніі, які разам са сваім сынам пераплыла памежную раку на надзіманай лодцы. Уцякачка, якая пасля затрымання папрасіла палітычны прытулак, перавезла на беларускі бераг € 5 тыс., GPS-навігатар і стацыянарны камп’ютар з маніторам. На польскім баку яна пакінула аўтамабіль маркі «Citroën».

Слынны ўцякач

Адну з самых вядомых спробаў знайсці лепшае жыццё ў былой савецкай Беларусі здзейсніў Лі Харлі Освальд, які пазней забіў прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі.

Освальд у 1959 прыехаў з ЗША ў Маскву ў якасці турыста, а пасля звярнуўся да савецкіх уладаў з просьбаю дазволіць яму пасяліцца ў СССР. Калі ж сустрэўся з не вельмі прыхільным стаўленнем да яго з боку савецкага кіраўніцтва, то ўзмацніў сваю просьбу няўдалай спробай самагубства. Улады СССР, якія падазравалі, што Освальд мае псіхічныя праблемы, адправілі яго ў сталіцу савецкай Беларусі. Амерыканец вытрымаў у Менску толькі паўтара гады, а пазней, стомлены жыццём у СССР, вярнуўся ў Злучаныя Штаты.

ЯБ, МЯ, паводле gpk.gov.by, ximik.info

Стужка навінаў