Паліцыя Арланда: шмат забітых і параненых у выніку страляніны ў гей-клубе


Паліцыя ЗША паведамляе пра тое, што ў выніку страляніны, зладжанай зламыснікам у начным гей-клубе ў Арланда, загінулі дзясяткі чалавек.

Больш за 40 чалавек, якія атрымалі раненні ў клубе «Пульс», дастаўленыя ў мясцовыя шпіталі.

Паліцыянты пацвердзілі, што нападнік, узброены штурмавой вінтоўкай і пісталетам, таксама меў пры сабе нейкае выбуховае прыстасаванне, захапіў у клубе закладнікаў і быў забіты ў ходзе перастрэлкі з паліцыяй.

Улады Фларыды кажуць, што разглядаюць гэта напад як тэракт.

Паводле паліцыі, злачынец не зʼяўляецца мясцовым жыхаром і хутчэй за ўсё дзейнічаў у адзіночку.

Паводле папярэдніх звестак, на тэматычным лацінаамерыканскім вечары ў клубе прысутнічала больш за сто чалавек.

Наведнікі клубу, якім удалося вырвацца вонкі, распавялі, што нападнік адкрыў агонь каля 2:00 гадзіны ночы паводле мясцовага часу.

«Людзі на танцпляцоўцы і ў бары падалі на падлогу, і некаторым з нас, хто быў паблізу ад бару і запаснога выхаду, удалося выслізнуць адтуль, мы ўцяклі», – напісаў на старонцы клубу «Пульс» у «Фэйсбуку» Рыкарда Альмадовар.

Іншы наведнік клубу, Энтані Торэс, сказаў, што чуў, як людзі ў клубе крычалі пра забітых.

Раней карэспандэнт мясцовага тэлеканалу Сцюарт Мур напісаў у «Тўітэры», што, паводле звестак з ягонай крыніцы, ад стральбы ў клубе пацярпелі больш за 20 чалавек.

Мур сцвярджаў, што нападнік усё яшчэ знаходзіцца ў клубе, дзе ён захапіў закладнікаў, і не выключана, што пры ім ёсць бомба.

Горад Арланда ўсё яшчэ востра перажывае здзейсненае ў пятніцу забойства 22-гадовай спявачкі Крысціны Грым, застрэленай неўзабаве пасля ейнага канцэрту.

Яна раздавала аўтографы, калі ў яе стрэліў 26-гадовы Кевін Джэймс Лойбл, які пасля гэтага застрэліўся. Пра ягоныя матывы пакуль нічога не вядома.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў