Падвышэнне дапамогі на дзяцей бацькі лічаць здзекам

video

З 1 лютага ў Беларусі вырасце фінансавая дапамога на дзяцей, але бацькі наўрад ці яе адчуюць.

Шматдзетная сям’я Качагураў з Гомля інфармацыю аб падвышэнні дапамогі на дзяцей прыняла без аптымізму. Маўляў, прапанаванае падвышэнне ніяк не паўплывае на паляпшэнне сямейнага бюджэту.

«Можна купіць пачак сурвэтак, кілаграм бананаў, паўкілаграма цукерак. Пачак сумесі ўжо не купіш, купіш пачак кашы», – кажа шматдзетная маці Таццяна Качагур.

Паводле Качагур, у параўнанні з мінулым годам фінансавая сітуацыя сям’і значна пагоршылася. На ўсю грашовую дапамогу цяпер набудзеш значна менш:

«Год таму я магла купіць некалькі пачак памперсаў і цэлы месяц купляць малому садавіну. Цяпер – некалькі пачак памперсаў, і толькі на дробныя выдаткі».

Пра якія сумы вядзецца гаворка цяпер? З лютага да красавіка памер штомесячнай дапамогі на дзіця ва ўзросце да трох гадоў складзе 2 450 000 – гэта прыблізна на Br 17 000 больш, чымся раней. На другое і наступнае дзіця дзяржава будзе выплочваць па Br 2 800 000, то бок на Br 19 000 больш. Чаму гэтак мала?
Эканаміст Міхась Залеўскі кажа, што адказ – вельмі просты:

«Чаму мала? Бо няма грошай».

Бацькі каментуюць справу таксама коратка:

«Гэта здзек з бацькоў і дзяцей».

Несувымерна з дапамогаю на дзяцей у Беларусі працягваюць расці кошты. Новы год прывітаў беларусаў новымі, вышэйшымі на 20 %, цэнамі на газ і электрычнасць. А летась некаторыя харчы падаражэлі нават больш як на 30 % У той жа час пражыткавы мінімум вырасце з 1 лютага толькі на € 1.

Залескі дае практычную параду, што рабіць далей: «Лягчэй не будзе. Трэба будзе круціцца ўтрая больш».

Адначасова са скарачэннем дафінансавання семʼяў у Беларусі прапануюць урэзаць адпачынак на догляд за дзецьмі. Памочнік кіраўніка краіны ў эканамічных пытаннях Кірыл Руды прапаноўвае ўвесці два гады замест ранейшых трох: ён лічыць, што такім чынам можна запэўніць эканамічны рост.

Ян Бабіцкі

Глядзі таксама
Каментары