Падчас сутычак у Арменіі пацярпелі 60 асобаў (Фота)


Сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй у Ерэване

У выніку сутычак паміж паліцыяй і дэманстрантамі ў Ерэване пацярпелі 60 асобаў, тры з іх – у цяжкім стане.

Пра гэта паведамляе Міністэрства аховы здароўя Арменіі. Адзін паліцыянт шпіталізаваны з агнястрэльным раненнем.

Мірныя акцыі адбываліся 29 ліпеня на вуліцы Харэнацы і ў квартале Сары-Тах у армянскай сталіцы, пакуль паліцыя не пачала іх разганяць.

Падчас разгону дэманстрантаў быў здзейснены напад на журналістаў.

Прэс-служба паліцыі паведаміла, што ў выніку сутычак былі затрыманыя больш за 100 асобаў.

Генеральны сакратар Рады Еўропы Тубʼёрн Ягланд заклікаў удзельнікаў канфлікту «вярнуцца да дэмакратычных сродкаў», а таксама заявіў, што «свабода збораў мае быць цалкам выкананая ў Арменіі».

У дэманстрацыі ў Ерэване ўзялі ўдзел прыхільнікі ўзброеных апазіцыянераў, якія 17 ліпеня захапілі аддзел паліцыі на ўскраіне армянскай сталіцы. Побач з аддзелам рэгулярна адбываюцца акцыі падтрымкі апазіцыянераў, якія захапілі будынак. Падчас сутычак бакі выкарыстоўваюць агнястрэльную зброю.

НМ, belsat.eu, паводле Panarmenian.net

Стужка навінаў