Нямецкі журналіст Барыс Райтшустэр выкрыў баевікоў Пуціна на Захадзе


У праграме «Свет» выйшла размова з выбітным нямецкім журналістам Борысам Райтшустэрам. Спадар Райтшустэр правёў 16 год у Расейскай Федэрацыі ў якасці кіраўніка расейскай рэдакцыі часопісу «Focus». На гэтым тыдні выходзіць ягоная новая кніга, вельмі крытычная для расейскіх уладаў.

«Белсат»: Кніга называецца «Таемная вайна Пуціна». Супраць каго яна (вайна) вядзецца і якія яе мэты?

Борыс Райтшустэр: Яна вядзецца супраць Захаду, ейная мэта – дэстабілізацыя Захаду. І шмат у чым гэта проста інерцыя. Для мяне самай дзіўнай рэччу было тое, што, калі гэта ўсё даследуеш, гэта не новая вынаходка.

Старыя метады КДБ, Штазі, і Пуцін іх крыху нібыта зрабіў больш сучаснымі. А нічога новага няма. Толькі тупасць і слепата на Захадзе, мы забылі сваю гісторыю, што мы развучыліся гэта раскусіць, як мы маглі гэта рабіць дзесяцігоддзямі падчас халоднай вайны.

«Белсат»: Дык а што канкрэтна адбываецца?

Борыс Райтшустэр: Адбываецца шмат чаго. Гэта ідзе ад шэрагу такіх спецназаўцаў, якія пад прыкрыццём адзінаборстваў тут працуюць. Гэта 250-300 чалавек. Гэта моцная праца з арганізацыямі, якія настроеныя супраць сістэмы ў Нямеччыны, асабліва гэта тычацца крайне правых.

Вельмі шмат ускосных доказаў таго, што ідзе падтрымка правых партыяў як «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD). Ідзе старая традыцыйная праца з левай партыяй, якая раней называлася «Сацыялістычная адзіная партыя Нямеччыны». Ідзе праца з палітыкамі, але і па ўсіх іншых франтах. Усё, каб дэстабілізаваць нашую сістэму.

Думаю, Пуцін лічыць, што Захад супраць яго вядзе схаваную вайну, ёсць такая ўжо не зусім сурʼёзная ацэнка сітуацыі. Ён мяркуе, што Захад днём і ноччу толькі думае пра тое, як зрынуць Пуціна. Думае, што ва Украіне гэта ўсё былі выключна амерыканцы. І што маўляў «яны мяне атачылі, яны стараюцца мяне падарваць пад сценамі Крамля, ну-ка я тым жа адкажу». На яго меркаванне, думаю, гэта такая абарончая вайна. Толькі ён вельмі моцна пераацэньвае ўплыў Захаду на Расею.

У вашай кнізе згадваюцца баявыя адзінкі. Пра што вядзецца?

Гэта не нешта новае, гэта было яшчэ ў часы ГДР. Тады ва Ўсходнім Берліне Штазі стварыла баявыя атрады, якія былі замацаваныя за заходнянямецкай камуністычнай партыяй. Там было каля 200 асобаў, што праходзілі спецпадрыхтоўку: дыверсіі, карыстанне з выбухоўкі, выкарыстанне агняпальнай зброі. Яны як краты былі ў ФРГ і чакалі загаду. А заходнянемецкія спецслужбы так іх ніколі і не выкрылі. Толькі пасля падзення Берлінскай сцяны гэтыя дакументы былі апублікаваныя. Калі я кнігу пісаў, то яшчэ не ведаў, што і ў Вялікай Брытаніі было тое ж самае.

Сёння пад прыкрыццём усходніх адзінаборстваў, гэтых звязаў, што зʼяўляюцца як грыбы пасля дажджу, сярод іх 99,99 % – гэта проста людзі, што займаюцца спортам, але ёсць і маленькая частка тых, хто праходзіць адмысловую падрыхтоўку.

Гутарыла Жана Крёмер, belsat.eu (Берлін)

Стужка навінаў