Новалукомльскія рыбакі: «За смеццевую рыбу плаціць не будзем!»

video

Рыбацкі супраціў на Віцебшчыне прымусіў замежнага прадпрымальніка ісці на кампраміс. Жыхары Новалукомлі палічылі «бязмежжам» бізнес на возеры, у якое ты не ўклаў ні капейкі.

https://www.youtube.com/watch?v=J8iC1Y0iM34

На Віцебшчыне разгараецца канфлікт адносна фауны Лукомльскага возера. У дзень, спрыяльны для рыбалкі, на лёд выходзіць да тысячы рыбакоў. А вось афіцыйныя дазволы на лоўлю рыбы ў новага арандатара ад пачатку года набылі толькі 16 чалавек. Новалукомльскія рыбакі не пагаджаюцца плаціць за рыбу, якую самі злавілі ў возеры, што спрадвеку карміла мясцовых жыхароў.

«За сорную рыбу плаціць ня будзем. Ня будзем!», – кажуць мясцовыя рыбакі.

«Сорнай» называюць непрамысловую рыбу. Менавіта яна найчасцей трапляе на кручок да рыбакоў-аматараў. І менавіта супраць платы за яе, ці, дакладней, за аматарскую рыбалку выступаюць рыбакі Новалукомлю.

«Я лічу, што гэта адназначна няправільна, што я павінна за гэта грошы плаціць», – кажа жанчына.

Мужчына ў адказ на пытанне «Белсату» прапануе караць тых, хто ловіць рыбу сеткамі.

«Гэта ўвогуле бязмежжа і беззаконне», – абураецца іншая жанчына.

Лукомльскае возера – пятае паводле плошчы ў Беларусі. Адзін з яго арандатараў – мясцовая цеплавая электрастанцыя, якая карыстаецца вадою з возера і сочыць за яго экалагічным станам.

«Лукомльская ДРЭС выконвае свае абавязкі па комплексе прыродна-ахоўнага дазволу. Летась, як і ў папярэднія гады выканала зарыбленне, даследаванне возера ў справе нанясення яму нейкай шкоды», – адзначае Уладзімір Перавязчыкаў, начальнік экалагічнага аддзелу Лукомльскай ДРЭС.

Раней, калі станцыя была адзіным арандатарам, рыбалка на возеры была бясплатная. На пачатку ж года з’явіўся яшчэ адзін – замежны прадпрымальнік Нуржан Кульжанаў. Ён запатрабаваў з рыбакоў 50 тыс. рублёў за кожны падыход да вады.

«Вось такое добраўпарадкаванне – гэта называецца домік рыбака», – выказвае прэтэнзіі да элементаў інфраструктуры, што зʼявіліся дзякуючы новаму арандатару, грамадскі актывіст Аляксей Габрыэль.

Рыбакі запэўніваюць, што працэдуру перадачы возера ў арэнду правялі з парушэннямі ды адкрытым падманам. Паводле дакументаў, вакол возера няма населеных пунктаў. Да таго ж новы арандатар узяўся атрымліваць прыбытак, не ўклаўшы ані капейкі ў возера.

«Я быў у топ-менеджара, і мы з вамі ў яго чулі, што па зарыбленні ён не зрабіў нічога, не ўклаў нічога, каб браць плату з нашых рыбакоў», – кажа Аляксей Габрыеэль.

Напрыканцы студзеня рыбакі сабраліся на стыхійны мітынг за бясплатную рыбалку і даслалі петыцыю ў Віцебскі аблвыканкам, пра Лукомльскае возера з’явіліся сюжэты ў рэспубліканскіх медыях. Дзякуючы шырокаму розгаласу арандатар пайшоў на кампраміс – з 15-га лютага кошты на рыбалку зменшыліся.

«Арандатар зразумеў што і ён не мае рацыі. Ён па сваёй гаспадарцы пайшоў на кампраміс, каб зрабіць найменшую цану за лоў – 40 тыс. рублёў за месяц», – працягвае Аляксей Габрыэль.

Але мясцовыя жыхары ўсё адно непакояцца, што пасля таго, як новы гаспадар возера вычарпае з яго ўсю рыбу, ані добраўпарадкаванне, ані экалогія цікавіць яго не будуць.

«Ну што ён за год вылавіць усю рыбу і пайшоў, арандатар гэты», – робіць прагноз мясцовая жыхарка.

Іншы жыхар Новалукомлю кажа:

«Паводле чутак, ён і ў Расеі такіх азёраў панабраў, за пару гадоў «ухахатаў» іх і ўцёк».

«Возера было грэсаўскае, хай і будзе», – коратка заўважае іншы мужчына.

Зразумела, што гаспадар возеру патрэбны, але такі, які будзе ўлічваць інтарэсы насельніцтва, што жыве на беразе, як гэта і запісана ў Водным кодэксе Беларусі.

Глядзі таксама
Каментары