12 студзеня супрацоўнікі ДФР прыйшлі ў Гарадзенскі дзіцячы госпіс. Паводле супрацоўнікаў госпісу, каб забраць у арганізацыі другі апарат ШВЛ.
Суразмоўцы распавядаюць, што супрацоўнікі ДФР уварваліся ў памяшканне на вул. Дамейкі якраз падчас заняткаў і перапалохалі дзяцей – падапечных госпісу. Адзін хлопчык дастаў свой нацельны крыжык і пачаў жагнацца.
ДФР запатрабавалі аддаць ім апарат ШВЛ. Аднак супрацоўнікі госпісу не адкрылі памяшкання складу, дзе захоўваецца апарат, спаслаўшыся на тое, што ключ – у дырэктаркі Вольгі Вялічкі, якая цяпер за мяжой.
Супрацоўнікі ДФР прыгразілі позваю і арыштам. У адказ пачулі, што зараз прыедуць журналісты з камерамі, і тады сышлі.
Пасля гэтага ў госпіс зазірнуў святар, які здае памяшканне для арганізацыі. Сказаў, што будзе вымушаны падпарадкавацца органам і, калі будзе патрэбна, адкрыць усё памяшканні.
Нагадаем, што ДФР пачалі праверку ў крымінальнай справе ў адносінах дырэктаркі Гарадзенскага дзіцячага госпісу Вольгі Вялічкі. У межах праверкі ўжо сканфіскавалі адзін апарат ШВЛ.
Саша Праўдзіна, belsat.eu