Эканамічныя наступствы вайны: колькі страціла Украіна і як плануе аднаўляць эканоміку


Расея вядзе разбуральную вайну ўжо 65-ы дзень, некаторыя ўкраінскія гарады практычна цалкам зруйнаваныя. У студыі «Белсату» кіраўніца Цэнтру аналізу публічных фінансаў і публічнага кіравання Кіеўскай школы эканомікі Дарына Марчык распавяла, якую эканамічную шкоду ўжо нанесла Расея і як Украіна плануе атрымліваць рэпарацыі.

Дарына Марчык.
Фота: 24tv.ua

Паводле Дарыны Марчык, цяпер страты ад разбуранай маёмасці (жылых дамоў, дарог, аэрапортаў, грамадзянскай інфраструктуры) складаюць мінімум 88 млрд долараў. Што датычыць наўпроставых і ненаўпроставых стратаў эканомікі ў выглядзе страты інвестыцыяў, падзення ВУП, прыпынення працы бізнесу, то гаворка ідзе пра суму амаль 600 млрд долараў.

«Разбураныя аб’екты аднаўляюцца даволі хутка, з упорам на крытычную інфраструктуру. Чыгуначныя шляхі чыгуначнікі аднаўляюць за дзень-два, нават пад агнём. Праз разбураныя масты робяць дадатковыя абʼезды, і будаўніцтва вядзецца вельмі інтэнсіўна.

Усяго страты ад разбуранай дарожнай і чыгуначнай інфраструктуры складаюць больш за 30 млрд долараў, і ў дзяржавы пакуль няма такога абʼёму рэсурсаў, каб накіраваць іх на якаснае аднаўленне», – перадае Марчык.

Атрыманне рэпарацыяў з боку Расеі пасля заканчэння вайны экспертка лічыць не вельмі рэалістычным. «Нават калі вайна спыніцца і міжнародныя арганізацыі будуць спрабаваць накласці рэпарацыі на Расею, то хутчэй за ўсё Расея будзе такое рашэнне ігнараваць», – кажа Марчык. Больш рэальным падаецца варыянт атрымання сродкаў за кошт арыштаваных расейскіх актываў за мяжой ужо зараз.

«Наконт атрымання рэпарацыяў ужо зараз вядзецца ўлік усіх пацярпелых аб’ектаў, пачалася праца для дакументавання, судовыя эксперты фіксуюць увесь урон. Урад і міжнародныя партнёры шукаюць юрыдычныя інструменты, як ужо зараз перадаваць Украіне тыя расейскія актывы, якія былі арыштаваныя за мяжой», – кажа Дарына Марчык.

Паводле яе, толькі актывы Цэнтрабанку Расеі за мяжой складаюць каля 400 млрд долараў. Краіны, у якіх захоўваюцца расейскія актывы, разглядаюць магчымасць змяніць нацыянальнае заканадаўства, каб мець магчымасць з гэтых актываў дапамагчы Украіне.

Чыгуначны вакзал у Чарнігаве, Украіна. 16 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Дэфіцыт дзяржбюджэту, які ўзнік падчас баявых дзеянняў, паводле разлікаў Марчык, складае недзе 3–4 млрд долараў на месяц, а паводле ацэнак Міністэрства фінансаў, гэта каля 5 млрд долараў на месяц.

«Гэты дэфіцыт мы можам пакрываць за кошт унутраных запазычанняў або за кошт замежнай дапамогі. Цяпер донары вельмі актыўна дапамагаюць: у сакавіку за кошт донарскага фінансавання было прыцягнута больш за 3 млрд долараў, і гэтая сума дапамагла выстаяць», – распавяла экспертка.

Цяпер існуе некалькі працоўных групаў, у тым ліку ўрад і донары, якія распрацоўваюць план аднаўлення эканомікі. Першыя падыходы гэтага плану ўжо былі апублікаваныя: якія сферы трэба аднаўляць ва Украіне і на што трэба міжнародная дапамога, а таксама на чым у прынцыпе будзе канцэнтравацца ўкраінская эканоміка пасля завяршэння ваенных дзеянняў.

Фота
У Адэсе развіталіся з жанчынамі, якія загінулі ад расейскага ракетнага абстрэлу
2022.04.27 18:19

Паводле Марчык, харчовая бяспека – гэта адно з пытанняў, якое цяпер стаіць найбольш востра. Ва Украіне ёсць значныя запасы збожжа, якія цяпер праблематычна вывезці, бо парты, праз якія праводзіўся экспарт, заблакаваныя і доступ да міжнародных рынкаў адкрыты толькі праз заходнюю мяжу.

Таксама ва Украіне моцна парушаны лагістычны ланцужок, з аднаго боку ў выніку блакавання гандлёвых шляхоў праз Чорнае мора, з другога – з прычыны разбураных дарог, напрыклад Жытомірскай трасы. Гэта прыводзіць да таго, што даражэе транспартаванне сыравіны, таксама ёсць праблема з праходжаннем тавару за мяжой, у тым ліку праз тое, што ва Украіне цяпер замарожаны валютны рынак. Чым бліжэй горад месціцца да зоны баявых дзеянняў, тым больш складана знайсці там базавыя тавары пабытовай хіміі ды іншыя. Ёсць вельмі вялікі дэфіцыт паліва: на запраўках у Кіеве вельмі складана знайсці дызельнае паліва, ёсць праблемы з бензінам.

Галоўная харчовая праблема для глабальнага рынку – краіны афрыканскага рэгіёну, якія звычайна трапляюць у зону рызыкі ў выпадку любых катаклізмаў і маюць менш уласных рэсурсаў і магчымасці ствараць запасы. Сыравіна і прадукты харчавання туды дастаўлялі ў тым ліку з Украіны.

  • У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвесціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй») з мэтай «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне паняцця «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны. З пачатку вайны Украіну пакінулі больш за 5,3 млн асобаў.
  • Масавае забойства мірных жыхароў у прадмесцях Кіева заходнія медыі і палітыкі ўжо назвалі генацыдам. Расейскі бок афіцыйна адмаўляе сваю датычнасць да забойства цывільнага насельніцтва.

АД belsat.eu

Стужка навінаў