«Вітаем у гестапа». Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання мастака Дзмітрыя Падрэза


Праваабарончаму цэнтру «Вясна» сталі вядомыя падрабязнасці затрымання палітзняволенага мастака Дзмітрыя Падрэза (вядомага як Дзіма Dream). 15 ліпеня мінулага году «сілавікі» на вяроўках праз вакно ўварваліся ў кватэру айцішніка. Мужчына быў асуджаны да 7 гадоў зняволення.

Дзмітрый Падрэз у ГУБАЗіК.
Фота: spring96

Дзмітрыя Падрэза асудзілі ў закрытым рэжыме да сямі гадоў зняволення. За перадачу дадзеных сілавікоў тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі» яго абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Ад яго былога сукамерніка стала вядома пра збіццё і здзекі з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКа над палітвязнем падчас затрымання.

На вяроўках спускаліся супрацоўнікі СОБРа. Пасля таго, як яны патрапілі ў кватэру, запусцілі супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. Губазаўцы балончыкам у калідоры на сцяне напісалі «УКБ».

«Забеглі ў ванную, захапілі і паклалі ў пакоі. На рукі – кайданкі. Супрацоўнік ГУБАЗіКа Высоцкі дастаў з паліцы злепак гіпсавай рукі, нацягнуў прэзерватыў і кажа: «Давайце ўставім у задні праход». Але паклаў гіпсавую руку каля галавы. А перад гэтым «сілавік» ударыў нагой па сцёгнах, а іншы – пальчаткай па твары. Спыталі пароль – Дзмітрый даў», – распавяла крыніца.

Як ва Уруччы бралі штурмам 20-гадовых маладзёнаў. Ператрус у кватэры Пятра і Маргарыты Пажытных.
Фота: сваякі Пятра Пажытных

Пад час ператрусу адзін з супрацоўнікаў спецслужбы ўзяў карціну мастака Захара Кудзіна і парэзаў яе тройчы са словамі: «Так будет красивее». Потым парэзалі фотакарціны. Потым іншы супрацоўнік узяў стары ноўтбук, разламаў яго на дзве часткі, стукнуў адной часткай па камоду са словамі: «Теперь точно не работает».

У хатняй бібліятэцы знайшлі руска-польскі размоўнік. Губазавец ударыў размоўнікам па твары са словамі: «Ты что, бл***, не патриот?»

Калі праглядзелі ноўтбук, адзін з супрацоўнікаў крычаў: «Убью нах*й, если что-то удалишь».

У ГУБАЗіК затрыманага прывіталі наступнымі словамі: «Добро пожаловать в гестапо».

Фота: скрыншот CTVBY / YouTube

Пра затрыманне Дзмітрыя Падрэза грамадскасць даведалася пасля апублікаванага «пакаяльнага відэа» у тэлеграм-канале «ГУБОП». У відэа затрыманы кажа, што «неаднаразова прымаў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», «займаўся ідэнтыфікацыяй супрацоўнікаў міліцыі, якія прымаюць удзел у ахове грамадскага парадку падчас масавых беспарадкаў», іх асабістыя дадзеныя «перадаваў у телеграм-канал «Чорная Кніга Беларусі», каб аказаць псіхалагічны ціск на супрацоўнікаў».

ЗХ belsat.eu

 

Стужка навінаў