Беларускі гандбаліст Арцём Каралёк пяройдзе ў клуб «Barcelona»


Паводле інфармацыі «Белсату», 26-гадовы лінейны Арцём Каралёк, які падтрымаў беларускі народ і выступіў супраць вайны, улетку пяройдзе ў найлепшы клуб свету па гандболу – іспанскую «Barcelona». Кантракт пакуль не падпісалі, але папярэдніх дамоўленасцяў ужо дасягнулі.

Беларускі гандбаліст Арцём Каралёк.
Фота: handballfast.com

Арцём Каралёк выступае ў польскім клубе «Łomża Vive» ужо пяць гадоў і выгуляў з гэтаю камандаю ўсё, што можна было: Лігу чэмпіёнаў, чэмпіянат і Кубак Польшчы. І хоць у Каралька кантракт да 2025 года, ён хоча змяніць абстаноўку. Цяпер для гэтага найлепшы час. У польскага клубу могуць пачацца фінансавыя праблемы: са студзеня 2023 года Кельцэ губляе спонсарства з кампаніяй «Van Pur», уладальнікам піваварнага брэнду «Łomża». Кантракт, заключаны ўлетку 2020-га на 4 гады, скасаваны на ініцыятыву спонсара. Цяпер чэмпіёну Польшчы трэба шукаць грошы на другую палову гэтага сезону і на наступны.

У «Barcelona» Каралёк павінен змяніць француза Людавіка Фабрэгаса, які ўлетку ідзе ў вугорскі «Veszprém».

«Я лічу гэта абсалютна нармальным. У спорце заўсёды так: сёння я тут, а заўтра ўжо ў іншым месцы. Мы ўсе прафесіяналы і жадаем лепшага сабе ды сваім сем’ям. «Barcelona», «Kiel», «Veszprém» – найлепшыя каманды свету, усе хочуць перайсці ў гэтыя клубы. Ніхто не можа адабраць у гульца мару перайсці ў вялікі клуб», – гэтак пераход Каралька ў «Barcelona» пракаментаваў галоўны трэнер Талант Дуйшэбаеў у інтэрвʼю.

Арцём Каралёк яшчэ ў жніўні 2020 года выступіў супраць гвалту сілавікоў ды называў тое, што адбываецца ў Беларусі, ненармальным і супрацьзаконным. У сваіх сацыяльных сетках выкладваў здымкі з бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняю, падтрымаў Алену Леўчанку і выставіў сваю гульнявую футболку на аўкцыён, грошы за якую перадаў Беларускаму фонду спартовай салідарнасці. А пазней выказаўся супраць вайны.

Здымак, які беларускі спартовец Арцём Каралёк выклаў у сваіх сацыяльных сетках у жніўні 2020 года.
Фота: Arciom Karalek / Instagram

Нагадаем, што ў пачатку гэтага сезону «Łomża Vive» пакінуў яшчэ адзін беларус, які падтрымліваў беларускі народ: Уладзіслаў Кулеш цяпер у выступае за нямецкі «Burgdorf».

Каралёк стане другім беларусам, які будзе выступаць у «Barcelona». З 2009 да 2015 года за каталонскі клуб выступала зорка нашага гандболу Сяргей Рутэнка. У свой час паўсярэдні быў нават самым дарагім гульцом клубу. Гульнявую карʼеру Рутэнка скончыў у 2016-м і заняўся продажам угнаенняў, а ў 2020-м адкрыта падтрымліваў сілавікоў, падпісаў праўладны ліст. Таксама ўвесь час Рутэнка быў на баку Расеі. Цяпер ён узначальвае беларускую федэрацыю тэнісу.

Пасля нападу Расеі на Украіну зборныя каманды Беларусі і Расеі, а таксама клубы з іх краінаў атрымалі бан і не могуць выступаць у афіцыйных міжнародных спаборніцтвах. У выніку гэтыя дзве краіны ствараюць супольныя і ладзяць таварыскія гульні, як гэта будзе 5–6 студзеня, калі Расея і Беларусь згуляюць у Маскве.

Пры гэтым Каралёк працягвае гуляць за зборную Беларусі. У інтэрвʼю «Зеркалу» ён адзначыў:

«Я гуляю не за ўладу, а рэпрэзентую краіну, беларусаў, партнёраў з каманды, сябе. Калі выходжу на пляцоўку, то думаю пра бацькоў, сваю дзяўчыну, заўзятараў, якія глядзяць на мяне ў гэты момант і перажываюць».

Пераехаць у еўрапейскі клуб, каб не страціць карʼеры, – адзіны шанец для беларускага гандбаліста. Адразу тры беларусы выступаюць у групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў. Акрамя Каралька, гэта Мікіта Вайлупаў, які ўлетку перайшоў з «Мяшкова» (Берасце) у вугорскі «Veszprém», і лінейны Вячаслаў Бохан, які таксама ўлетку змяніў менскі СКА на бухарэсцкае «Дынама».

АС belsat.eu

Стужка навінаў