І Ціханоўскую, і лукашэнкаўцаў запрасілі на сесію Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Што гэта значыць?


У Вене 23–24 лютага пройдзе 22-е зімовае паседжанне Парламенцкай асамблеі Арганізацыі бяспекі і супрацы Еўропы. Разбіраемся з эксперткай, чаму туды запрасілі і прадстаўнікоў уладаў Беларусі, і Ціханоўскую: ці паедуць яны, ці сустрэнуцца сам-насам?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская падчас дыскусіі на Міністэрскай радзе АБСЕ. Лодзь, Польшча. 2 снежня 2022 года.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

Беларускім і расейскім дэпутатам выдалі візы, каб паехаць у сталіцу Аўстрыі для ўдзелу ў 22-м зімовым пасяджэнні ПА АБСЕ. Гэта прывяло да скандалу: дэлегацыі Літвы і Польшчы адмовіліся прыязджаць на паседжанне, а Украіны – удзельнічаць у сесіі. Улады Беларусі тым часам хваляцца гэтым запрашэннем.

Разам з тым, на паседжанне запрасілі таксама абраную прэзідэнтку Беларусі Святлану Ціханоўскую – яна мае выступіць перад дэлегатамі, узяць удзел у акцыі да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Што гэтае «падвойнае запрашэнне Беларусі» значыць? Пра гэта для «Белсату» паразважала палітолаг, экспертка Беларускай даследніцкай сеткі палітыкі добрасуседства, дацэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту і Капенгагенскай бізнес-школы Лізавета Дубінка-Гушча.

Яна найперш нагадала, што гэта не першая спроба запрасіць на адну пляцоўку прадстаўнікоў уладаў Беларусі і Офісу Ціханоўскай. АБСЕ ў тым ліку ад пачатку беларускага пратэсту спрабавала гэта зрабіць. Мінулай восенню Ціханоўская і прадстаўнікі ўладаў, у тым ліку тагачасны міністр замежных справаў Уладзімір Макей, перасякаліся на Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, а мінулай зімой на паседжанні Рады міністраў АБСЕ было зробленае «мэмнае» фота Ціханоўскай і афіцыйнага прадстаўніка Беларусі Андрэя Дапкюнаса.

«Іншая справа, што прадстаўнікі ўладаў Беларусі, парламентарыі не надта рэагавалі на гэтыя запрашэнні, на гэтыя спробы дэмакратычнага дыялогу, – адзначае Дубінка-Гушча. – Адразу пасля падзеяў жніўня 2020 года Парламенцкая асамблея АБСЕ рабіла спробы тэлефанаваць, неяк звязвацца з прадстаўнікамі беларускага МЗС, дыпламатамі. І тут была сцяна».

Яна прагназуе, што і афіцыйныя ўлады Беларусі, і дэмакратычныя сілы зараз возьмуць удзел у сесіі: для абодвух бакоў гэта было б важна.

Тое, што цяпер прадстаўнікі ўладаў адгукнуліся на запрашэнне, сведчыць найперш пра змены з іхнага боку, лічыць Дубінка-Гушча. Яна згадвае спробы Крамля ператварыць Беларусь у перамоўную пляцоўку «Менск-3», спробы не заставацца ў поўнай міжнароднай ізаляцыі.

«На зімовую сесію ПА АБСЕ з’язджаюцца ўсе прадстаўнікі нацыянальных асамблеяў, таму для беларускай дэлегацыі гэта не сустрэча tête-à-tête з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў», – падкрэслівае яна.

Суразмоўца згадвае згоду Офісу Ціханоўскай на такую сустрэчу і спробу арганізаваць яе яшчэ ў канцы 2021 года ў Вене. На тую сустрэчу прадстаўнікі ўладаў не прыехалі.

Hавiны
Кавалеўскі на Генасамблеі ААН спрабуе не дапусціць рэжым Лукашэнкі ў Раду бяспекі
2023.02.22 11:57

Для Аб’яднанага пераходнага кабінету гэтая паездка – «цікавае пытанне», кажа Дубінка-Гушча: дэлегацыі Украіны, Літвы і Польшчы пастанавілі байкатаваць сесію праз удзел расейскай дэлегацыі. Яна ўяўляе, як мела б на месцы запрошаных дылему: з якім бокам выразіць салідарнасць? У Польшчы, Літвы і Украіны ж ёсць шмат пляцовак, дзе можна сустракацца з замежнымі дыпламатамі, а ў беларускіх дэмакратычных сілаў такіх пляцовак значна менш.

Ці не паўстае пытання, хто ў выпадку наяўнасці дзвюх дэлегацыяў ёсць «афіцыйным легітымным прадстаўніком Беларусі»? З аднаго боку, так, пагаджаецца экспертка. З другога боку, выбары-2020 не былі прызнаныя, шматлікія краіны прызнаюць Святлану Ціханоўскую ў той ці іншай форме, але наўрад ці могуць цалкам разарваць адносіны з афіцыйным Менскам і выключыць Беларусь з удзелу ў міжнародных арганізацыях – такіх прэцэдэнтаў цяжка знайсці.

«Гэта зразумела з пункту гледжання эмоцыяў, – кажа палітолаг пра казус «афіцыйнасці» дзвюх дэлегацыяў. – З пункту гледжання міжнароднага права, на жаль, мы бачым, што пакуль нічога не было з гэтым зроблена. Не запрасіць краіну, што афіцыйна ёсць удзельніцай міжнароднай арганізацыі, таксама складана».

Ці сустрэнуцца сам-насам прадстаўнікі ўладаў Беларусі і Кабінету Ціханоўскай, яна не ведае. Але лічыць, што абодва бакі маглі б і пагадзіцца, калі будзе прапанова ад дыпламатаў АБСЕ: для абодвух бакоў было б важна абмеркаваць пытанні саўдзелу Беларусі ў расейскім нападзе на Украіну і пытанні вызвалення палітвязняў.

Аналітыка
Ці можа быць народнае адзінства «бэчэбэшнікаў» і «ябацек»?
2022.09.17 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў