Амерыканская выведка пацвярджае, што расейская ядравая зброя ўжо можа быць у Беларусі


У разведвальнага ўпраўлення Міністэрства абароны ЗША (DIA) «няма падстаў сумнявацца» ў заяве прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна пра тое, што РФ перавезла ў Беларусь першую партыю тактычнай ядравай зброі. Пра гэта 21 ліпеня заявілі высокапастаўленыя прадстаўнікі амерыканскага ведамства, піша CNN.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ядравая зброя.
Фота: mil.ru

Уладзімір Пуцін заявіў пра тое, што першыя расейскія ядравыя боегалоўкі былі дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі ў чэрвені. І хоць афіцыйныя асобы ЗША і краінаў Захаду публічна не пацвердзілі, што якую-небудзь зброю перадалі Беларусі, высокапастаўленыя прадстаўнікі DIA паведамілі 21 ліпеня невялікай групе рэпарцёраў, што ў аналітыкаў «няма падстаў сумнявацца» ў заявах Пуціна, а таксама ў тым, «што яны дамагліся пэўных поспехаў» у перадачы зброі. Пры гэтым яны прызналі, што выведцы цяжка адсачыць гэтую зброю нават з дапамогай спадарожнікаў.

Іншыя крыніцы паведамілі CNN, што ў Беларусі ёсць розныя яшчэ савецкія аб’екты, на якіх можа быць размешчаная некаторая колькасць зброі.

Таксама і міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Ўоліс сказаў CNN, што Лондан убачыў прыкметы таго, што перамяшчэнне ядравай зброі «прагрэсуе», і адзначыў, што Пуцін «не заўсёды хлусіць».

Hавiны
Расейскі МЗС: Кантроль над ядравай зброяй Беларусі не перадаецца
2023.07.01 16:28

Пры гэтым, нягледзячы на заявы Аляксандра Лукашэнкі, высокапастаўленыя чыноўнікі DIA не вераць, што ён будзе мець які-небудзь кантроль над арсеналам. Зброя, хутчэй за ўсё, будзе цалкам кантралявацца Расеяй.

Чыноўнікі DIA таксама не вераць, што перамяшчэнне зброі ў Беларусь зменіць глабальны ядравы ландшафт або павысіць рызыку ядравага інцыдэнту, бо яна будзе знаходзіцца на захоўванні, а не на перадавым разгортванні, і будзе кантралявацца расейскімі сіламі.

Нагадаем, раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што будзе кантраляваць тактычную ядравую зброю, якую Расея паставіць у Беларусь. І гэтак жа неаднаразова гэтыя слова абвяргалі расейскія афіцыйныя асобы.

Hавiны
Лукашэнка пагражае «без вагання» выкарыстаць ядравую зброю, якой яму ніхто не перадае
2023.06.13 13:25

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў