Аператыўны тупік: што адбываецца на паўночным усходзе Украіны?


«Белсат» падводзіць вынікі 513-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 21 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: ok_pivnich1 / Telegram

Цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны працягнулі наступальныя аперацыі на бахмуцкім, бярдзянскім і мелітопальскім кірунках у Данецкай і Запарожскай вобласцях.

У сваю чаргу войскі РФ праяўляюць найбольшую актыўнасць на купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар’інскім кірунках у Харкаўскай, Луганскай і Данецкай вобласцях.

Між тым інтэнсіўнасць баявых дзеянняў істотна адрознівалася ў залежнасці ад канкрэтнага ўчастку фронту.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы трымаюць абарону. Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведаміў пра адбіццё атак праціўніка на паўднёвым захадзе ад сяла Масютаўка Двурэчанскага раёну Харкаўскай вобласці.

У гэты ж час прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што войскі РФ працягваюцца рухацца ад Ліману Першага (населены пункт на поўдні ад Масютаўкі). У прыватнасці, паведамляецца, што расейцы замацаваліся на чыгуначнай станцыі «Маўчанава» і цяпер штурмуюць пазіцыі ЗСУ ў пасадках на захадзе і поўдні ад сяла.

Таксама крыніца адзначае асобныя сутычкі на поўначы ад Сінькаўкі.

У сваю чаргу ўкраінскія вайскоўцы перакідаюць дадатковыя сілы да гэтага населенага пункту, каб у далейшым контратакаваць у бок Ліману Першага.

Акрамя гэтага на купянскім кірунку ідуць баі каля Навасёлаўскага.

На ліманскім кірунку фіксуюцца баявыя дзеянні каля Джэрэльнага, Райгародкі, Кармазінаўкі і ў Серабранскім лясніцтве.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што УС РФ крыху прасунуліся ў лясным масіве каля сяла Кузьміно.

Між тым, аналітыкі праекту Deepstate мяркуюць, што расейцам пакуль не ўдаецца істотна змяніць сітуацыю на сваю карысць на паўночным усходзе Украіны, хоць яны і маюць перавагу ў жывой сіле і тэхніцы на лакальных участках фронту. Фактычна, абодва бакі знаходзяцца ў аператыўным тупіку.

Каментар
Найміты могуць быць скарыстаныя супраць Лукашэнкі
2023.07.21 14:59

Бахмуцкі кірунак (аднайменны раённы цэнтр і ягоныя ваколіцы)

Паводле ўкраінскага Генштабу, ЗСУ працягваюць наступаць на поўначы і поўдні ад Бахмуту. Пры гэтым адзначаюцца цяжкія баі без зменаў у лініі фронту на ўчастках Арэхава-Васільеўка – Парасковіеўка і Кляшчэеўка – Андрэеўка на поўначы і поўдні адпаведна.

Таксама крыніца піша пра адбіццё атак праціўніка на паўднёвым захадзе ад Кляшчэеўкі.

Адсутнасць зменаў на фронце на бахмуцкім кірунку пацвярджаюць і прарасейскія крыніцы.

Аўдзееўскі, мар’інскі і шахцёрскі кірункі (на поўначы, захадзе і поўдні ад Данецку)

У ваколіцах Аўдзееўкі працягваюцца цяжкія баі, у якіх ініцыятывай валодаюць Узброеныя сілы РФ. Deepstate фіксуе іх каля Первамайскага.

Пегаў сцвярджае, што расейцам удалося выбіць ЗСУ з Вясёлага, а таксама з пазіцыяў побач з Камянкай.

Украінскі Генштаб піша пра стрымліванне наступу праціўніка каля Новаміхайлаўкі і Мар’інкі.

У гэты ж час на поўдні ад Данецку адзначаюцца актыўнасцю ўжо ўкраінскія вайскоўцы. У прыватнасці, гаворка ідзе пра ваколіцы Вуглядару і Уладзіміраўкі.

«Рыбарь» мяркуе, што такія дзеянні звязаныя з няўдачамі ЗСУ на ўрэмеўскім выступе і пад Арэхавам.

Бярдзянскі кірунак (на стыку Данецкай і Запарожскай вобласцяў)

Генштабу Збройных сілаў Украіны піша пра поспехі па лініі Навадараўка – Прыютнае, а таксама пра адбіццё контратакі расейцаў на поўначы ад апошняга населенага пункту.

Між тым тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» сцвярджае, што войскі РФ выбілі ЗСУ з пазіцыяў на поўначы ад Прыютнага.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці)

Украінскі бок піша пра поспехі на ўчастках Новаданілаўка – Вербавае і Новаданілаўка – Рабоціна. Баі на поўдні ад гораду Арэхаў працягваюцца.

«Рыбарь» мяркуе, што неўзабаве ЗСУ правядуць атаку ў ваколіцах Запарожскай АЭС, на што ўказвае перакіданне сілаў спецыяльных аперацыяў у ваколіцы Нікапалю і Асакораўкі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Hавiны
У Маскве за экстрэмізм затрымалі Ігара Стралкова (Гіркіна)
2023.07.21 16:08

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў