Маргарыта Ляўчук заявіла, што яе канцэрт у Варшаве адмянілі праз пагрозу тэракту


Пра адмену канцэрту беларуская спявачка Маргарыта Ляўчук паведаміла на сваёй старонцы ў Instagram. 

«З намі звязаліся польскія спецслужбы і сказалі, што на маім канцэрце ў Варшаве планаваўся тэракт. З мэтай бяспекі яны адмяняюць канцэрт у Варшаве 24 сакавіка.

Я нічога не разумею, што там адбываецца. Зараз буду ўсё вырашаць, даведвацца. Але ж квіткі ўжо не прадаюць. У Гданьску пакуль усё добра», – распавяла яна ў сторыз у інстаграме.

Спявачка падкрэсліла, што больш ніякай інфармацыі ў яе няма.

Оперная спявачка Маргарыты Ляўчук у 2020 годзе падтрымала пратэсты ў Беларусі і з таго часу выступае з крытыкай рэжыму Лукашэнкі. У 2021 годзе, калі Ляўчук ужо знаходзілася ў эміграцыі, супраць яе распачалі крымінальную справу паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»). Пазней спявачку абвесцілі ў вышук.

Артыкулы
Маргарыта Ляўчук: «Жнівень 2020 года цалкам змяніў маё жыццё, я нібы прачнулася»
2021.03.30 21:05

На сваякоў Маргарыты, якія засталіся ў Беларусі, аказваецца ціск. У траўні 2022 году сілавікі затрымалі бацькоў спявачкі Маргарыты Ляўчук у ейнай роднай вёсцы Страдзеч Берасцейскага раёну. Іх асудзілі за «непадпарадкаванне міліцыі» і аштрафавалі на суму, эквівалентную $ 4 тыс. Тады бацькам Маргарыты прапаноўвалі запісаць відэа з просьбай аб тым, каб яна перастала займацца палітыкай.

На мінулым тыдні берасцейскія сілавікі зноў прыходзілі да ейных бацькоў, распытвалі пра дачку і шукалі ейны кантакт у Telegram.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў