Святлана Ціханоўская: Беларусы ніколі не будуць мець тэрытарыяльных прэтэнзіяў да суседзяў


Лідарка беларускага дэмакратычнага руху і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да жыхароў Літвы і падзякавала ім за дапамогу і гасціннасць. Яна заверыла, што беларусы ніколі не будуць мець тэрытарыяльных прэтэнзіяў да сваіх суседзяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на Катэдральнай плошчы, дзе сабраліся беларусы ў трэцюю гадавіну выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

«Сёння Беларусь перажывае гуманітарную і палітычную катастрофу. Пакуль Пуцін вядзе вайну супраць Украіны, ягоны марыянетачны рэжым у Менску працягвае вайну супраць беларускага народа. Рэжым Лукашэнкі помсціць беларусам, якія ў 2020-м абралі свабоду і незалежнасць», – гаворыць Святлана Ціханоўская ў сваім звароце.

Дэмакратычная лідарка адзначыла, што сілаў адных беларусаў недастаткова, ім патрэбныя моцныя хаўруснікі. І Літва паказвае прыклад «прынцыповай і рашучай пазіцыі астатнім краінам Еўропы», бо не пайшла на ўгоду з Лукашэнкам, а стала голасам беларусаў на міжнароднай арэне. «Падтрымка Літвы і літоўскага народа патрэбна сёння беларусам як ніколі, каб вырвацца з кіпцюроў расійскай тыраніі», – сказала Ціханоўская.

Беларуская лідарка адзначыла, што Лукашэнка – гэта не Беларусь, і не беларусы пагражаюць Літве, а рэжым і яго памагатыя. Тыя беларусы, што прыехалі ў Літву, сказала Ціханоўская, больш за ўсё на свеце хочуць вярнуцца дадому.

Абраная прэзідэнтка падкрэсліла агульную пазіцыю беларусаў: літоўская тэрыторыя і дзяржава належаць народу Літвы і нікому больш. Межы непарушныя, а тыя, хто гаворыць іначай, з’яўляюцца правакатарамі і знаходзяцца на баку агрэсара.

«Беларусы не маюць і ніколі не будуць мець ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў да сваіх суседзяў», – сказала Ціханоўская.

Таксама беларуская лідарка выказала занепакоенасць дыскусіяй сярод палітыкаў аб тым, ці трэба ў адказ на прысутнасць вагнэраўцаў узмацніць абмежаванні і прыраўняць беларусаў да расейцаў. Яна падкрэсліла, што пагроза з боку рэжыму сапраўды існуе, але міграцыйныя абмежаванні яе не вырашаць і ўдараць у першыю чаргу па прадэмакратычна настроеных беларусах, што сыграе на руку Крамлю, які спрабуе сцерці розніцу паміж расейцамі і беларусамі.

«Але беларусы – не расейцы, а Беларусь – не Расея. І ніколі ёй не стане», – сказала Святлана Ціханоўская.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў