Бацька Марыі Калеснікавай распавёў, што яна цяпер праходзіць медычны агляд і пакуль застаецца на каранціне Гомельскай калоніі, паведамляе «Народная воля».
Аляксандр Калеснікаў паведаміў, што сустрэчы з дачкою будуць дазволеныя ў выпадку, калі ў дачыненні яе не будзе заўваг з боку адміністрацыі.
Акрамя таго, у палітычнай зняволенай ёсць планы на час, які яна вымушана праводзіць за кратамі.
«Калонія заключыла дамовы з дзвюма расейскімі ВНУ. Машу гэта зацікавіла, хаця навучанне і на платнай аснове. Хутчэй за ўсё, яе цікавяць псіхалогія ці эканоміка», – распавёў Аляксандр Калеснікаў.
1 снежня каманда Віктара Бабарыкі, экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі, паведаміла, куды перавялі адну з лідарак штабу Марыю Калеснікаву.
«Марыя Калеснікава – у жаночай калоніі ў Гомлі. Яна там з 9 студзеня», – гаворыцца ў паведамленні.
Пісаць ёй можна на адрас: ПК № 4, вул. Антошкіна, 3, 246035, г. Гомель.
Марыю Калеснікаву і Максіма Знака абвінавацілі паводле трох артыкулаў: «Змова з мэтаю захопу ўлады», «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання» і «Публічныя заклікі да дзеянняў, што пагражаюць нацыянальнай бяспецы». Менскі абласны суд прызнаў палітычных вязняў вінаватымі і прысудзіў Марыі Калеснікавай 11 гадоў пазбаўлення волі, Максіму Знаку – 10 гадоў.
МГМ, belsat