У Літве ізноў заклікаюць зрабіць аднолькавымі абмежаванні для беларусаў і расейцаў


Дарадца прэзідэнта Літвы Дарус Урбонас заявіў, што Сейму варта вярнуцца да пытання ўраўнення санкцый супраць беларусаў і расейцаў, паведамляе Delfi. Раней такія меры прапанаваў літоўскі прэзідэнт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каля Сейма Літвы адбыўся мітынг беларусаў у адказ на вета прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы на прыняты Сеймам закон аб нацыянальных санкцыях. Мітынг прайшоў падчас прыняцця рашэння па законапраекце. 20 красавіка 2023 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Паводле звестак Дэпартаменту міграцыі, за апошнія паўгода пасведчанне на права жыхарства ў Літве атрымалі больш за 10 тысяч беларусаў, а на 1 ліпеня ў краіне пражывае крыху больш за 58 тысяч грамадзянаў Беларусі. Аднак, паводле словаў Даруса Урбонаса, калі б парламент прыняў прапанову прэзідэнта Гітанаса Наўседы ўвесці супраць грамадзянаў Беларусі і Расеі аднолькавыя санкцыі, «гэтая статыстыка выглядала б інакш» і «мы, сапраўды, зрабілі б вялікі крок наперад».

Ён таксама згадаў, што з лістапада мінулага года больш за 1,1 тысяч грамадзянаў Беларусі і РФ былі прызнаны пагрозай нацыянальнай бяспецы:

«Выяўляюцца пагрозы, звязаныя са знаходжаннем замежнікаў у Літве, якія звязаныя з нацыянальнай бяспекай. Яны ёсць і, у нейкім сэнсе, растуць. Проста зірнуўшы статыстычна, мы можам убачыць, што рашэнні, якія прымаюцца сёння, датычацца сотняў грамадзянаў Беларусі, а таксама сотняў грамадзянаў Расеі, чыё знаходжанне ў Літоўскай Рэспубліцы было вызначана як пагроза нацыянальнай бяспецы Літвы. Гэтыя лічбы сапраўды ўражваюць. Да гэтага такія рашэнні прымаліся ўсяго некалькі разоў на год. Гэта наглядна сведчыць аб наяўнасці праблемы, і яе неабходна вырашаць».

Дарадца Наўседы лічыць, што Сейм павінен перагледзець санкцыйныя рэжымы для беларусаў і расейцаў, але ініцыятыву павінен праявіць урад.

Раней, у красавіку гэтага года, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа наклаў вета на закон аб абмежаваннях для беларусаў і расейцаў. Кіраўнік Літвы не бачыць розніцы паміж грамадзянамі дзвюх краінаў і ўпэўнены, што санкцыі мусяць быць аднолькавымі. Больш за тое, ён прапанаваў спрасціць працэдуру анулявання выдадзеных нацыянальных візаў і дазволаў на часовы або сталы побыт.

Аднак тады Сейм Літвы адхіліў прапановы прэзідэнта. У галасаванні ўзялі ўдзел 108 дэпутатаў. Для таго, каб пераадолець вета прэзідэнта Літвы, была неабходная падтрымка простай большасці. За законапраект прагаласавалі 99 дэпутатаў, 7 – супраць, 2 устрымаліся.

Hавiны
Сейм Літвы пераадолеў вета прэзідэнта і канчаткова ўхваліў закон аб санкцыях супраць беларусаў і расейцаў
2023.04.20 18:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў