Кіеў, Мікалаеў, Львоўшчына. Расея ўчыніла масаваную паветраную атаку гарадоў Украіны


Расея ўчыніла атаку на Украіну ў некалькі хваляў з выкарыстаннем ракетаў і таксама дронаў-камікадзэ. Паведамляецца пра выбухі ў розных рэгіёнах краіны.

Расейцы наносяць ракетны ўдар па Кіеву. Мэр Віталь Клічко паведамляе пра выбухі ў Дняпроўскім раёне гораду, там двое пацярпелых. Абломкамі ракеты пашкоджаны высакавольтныя лініі, частка жыхароў сталіцы засталіся без электрычнасці.

У Галасееўскім раёне Кіева ў выніку расейская атакі загарэўся шматкватэрны будынак, а таксама аўтамабілі і памяшканне СТА.

У Мікалаеве пашкоджаны жылыя будынкі, каля 20 з іх засталіся без дахаў. Пашкоджаны газавая і водаправодныя сеткі. Ёсць параненыя, адзін чалавек шпіталізаваны.

Пад расейскія ўдары трапіла Львоўшчына: ёсць інфармацыя пра выбухі ў Драгабычы.

Улады Харкава паведамляюць пра «прылёт» у раёне нежылых абʼектаў. Атрымала лёгкія пашкоджанні 52-гадовая жанчына.

У ходзе цяперашняй атакі спачатку расейскія войскі выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ, затым запускалі крылатыя ракеты са стратэгічных бамбавальнікаў Ту-95 і Ту-22.

У сувязі з тым, што пад ударам апынуліся ў тым ліку тыя рэгіёны Украіны, што мяжуюць з Польшчай, былі паднятыя ў паветра польскія самалёты. Генштаб Польшчы заявіў, што робяцца ўсе захады для гарантавання бяспекі паветранай прасторы.

На момант напісання матэрыялу расейская атака працягваецца, паветраная трывога абвешчаная ў розных рэгіёнах Украіны.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў