«Нас не запужаць». Генеральны сакратар NATO пра ядравую зброю ў Беларусі


Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг 3 красавіка пракаментаваў заяву Уладзіміра Пуціна пра размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі: кажа, гэта частка ядравых пагрозаў Расеі з мэтай адахвоціць Захад ад падтрымання Украіны, ды гэтыя пагрозы не спрацуюць.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на прэс-канферэнцыі. Брусель, Бельгія. 3 красавіка 2023 года.
Фота: Nato.int

Міністры замежных справаў дзяржаваў Паўночнаатлантычнага альянсу маюць сустрэцца ў Бруселі 4 красавіка. Чакаецца, што будуць вітаць Фінляндыю як новага чальца NATO. Напярэдадні сустрэчы генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг даў прэс-канферэнцыю, на якой згадаў і планы Уладзіміра Пуціна размясціць у Беларусі тактычную ядравую зброю.

«Заява прэзідэнта Пуціна – гэта частка шаблону небяспечнай і безадказнай ядравай рыторыкі, у якой Расея і прэзідэнт Пуцін спрабуюць ужываць ядравую зброю як спосаб перашкодзіць нам у падтрыманні Украіны, – перадае карэспандэнт «Белсату» словы Стольтэнбэрга. – Запалохванне і ціск, каб спыніць дапамогу Украіне чальцамі і партнёрамі NATO ў іхным праве абараняць сваю краіну.

Нас не запужаць, мы працягнем падтрымліваць Украіну.

Вядома, NATO застаецца пільным. Мы вельмі ўважліва назіраем за тым, што робіць Расея. Але пакуль мы не бачылі зменаў у іхнай ядравай пазіцыі, якія вымагалі б зменаў нашай ядравай пазіцыі. Мы застаемся ядравым альянсам, мы стрымліваем [ядравую пагрозу. – Заўв. рэд. «Белсату»] і баронім усіх саюзнікаў. І, безумоўна, працягваем сачыць за тым, што Расея робіць, у тым ліку за тым, што датычыць любога патэнцыйнага размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі».

Пуцін 25 сакавіка абвясціў, што размяшчае тактычную ядравую зброю ў Беларусі, але не перадае яе Беларусі, а пакідае пад кантролем Расеі. Будаўніцтва адмысловага сховішча плануецца скончыць ужо 1 ліпеня 2023 года. 31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка ўжо казаў пра ядравую зброю гэтак, нібы яе ўжо перадалі пад ягоны кантроль. Ён таксама дапускаў, што будзе прасіць у Пуціна і стратэгічную ядравую зброю.

Hавiны
У Кіеве сумняюцца, што Расея сапраўды размесціць ядравую зброю ў Беларусі
2023.04.02 09:24

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў