Самыя паспяховыя дыверсіі ў гісторыі


«Паўночная плынь – 2», Крымскі мост і А-50 у Мачулішчах – на сёння найбольш вядомыя дыверсіі вайны ва Украіне. Вакол іх да самага заканчэння вайсковых дзеянняў будзе заставацца шмат пытанняў ды з’явяцца новыя. Бо задача дыверсіяў – не толькі пашкодзіць ці знішчыць найбольш важныя аб’екты праціўніка на занятай ім тэрыторыі, але і адцягнуць увагу. Менавіта як «адхіленне» і «адвабліванне» слова дыверсія перакладаецца з лаціны. «Белсат» узгадвае найвядомейшыя дыверсіі, што былі здзейсненыя ў часы Другой сусветнай вайны.

Захоп гораду дыверсантамі

У жніўні 1942 года 62 падрыхтаваныя дыверсанты нацысцкай Нямеччыны на чале з нарадзінцам Петраграду немцам Адрыянам фон Фёлькерзамам правялі аперацыю, што ўвайшла ў гісторыю як Майкопская дыверсія (ці Майкопскі рэйд).

Аперацыю праводзілі ваяры адмысловага аддзелу выведніцка-дыверсійных аперацыяў – «Брандэнбург-800». Яны выдатна сябе зарэкамендавалі яшчэ падчас вайсковых кампаніяў вермахту супраць Польшчы (захоп чыгуначнага вакзалу ў Катавіцах), Даніі, Нарвегіі, Бельгіі і Францыі. На пачатку вайны супраць СССР «брандэнбуржцы» ў Беларусі захапілі чыгуначны мост на Бярэзіне на маршруце Ліда – Маладзечна і мост на Дзвіне каля Дзвінску.

Адрыян фон Фёлькерзам у цэнтры. Крыніца: Вікіпедыя

2 жніўня 1942 года «брандэнбуржцы» з ліку балтыйскіх і судэцкіх немцаў, якія выдатна валодалі расейскай мовай і былі пераапранутыя ў форму НКВД, на трафейных грузавіках ЗИС заехалі ў горад Майкоп (сёння – сталіца Рэспублікі Адыгея ў складзе РФ).

Сам Фёлькерзам назваўся маёрам дзяржбяспекі Трухіным і цягам некалькіх дзён высветліў пазіцыі размяшчэння савецкіх войскаў у горадзе. Немцы здолелі знішчыць тэлефонную сувязь і захапіць тэлеграф, пасля чаго пачалі распаўсюджваць у Майкопе чуткі пра дзейнасць дыверсантаў і ствараць тым самым умовы для панікі. А 9 жніўня яны запусцілі плёткі, што Майкоп хутка апынецца ў аблозе. У горадзе нават імітавалі артылерыйскія выбухі. Да таго ж, пасля знішчэння аховы быў захоплены важны стратэгічны мост праз раку Белую, што дазволіла пасля вермахту без спынення рушыць далей да Чорнага мора.

Майкопская дыверсія прывяла да хуткага захопу Майкопу разам з вялікімі запасамі савецкай зброі і боепрыпасаў, а таксама са шматлікімі прадпрыемствамі і нават параненымі чырвонаармейцамі, якіх не паспелі эвакуяваць.

Знішчэнне заводу для «Уранавага праекту»

Найбольш паспяховай дыверсіяй заходніх саюзнікаў стала знішчэнне заводу цяжкой вады ў нарвежскім горадзе Р’юкан у 1943 годзе, дзе немцы працавалі над «Уранавым праектам» – стварэннем ядравай зброі. Для гэтага ў дадатак да ўрану на той час была патрэбная цяжкая вада.

Поспехі нацыстаў выклікалі занепакоенасць брытанцаў, якія спачатку разглядалі магчымасць паветранага бамбавання Р’юкану, што быў важным цэнтрам хімічнай прамысловасці Нарвегіі, але праз пагрозу вялікай колькасці неапраўданых ахвяраў ад гэтага плану тады адмовіліся.

Планаванне дыверсіі было ўскладзенае на Управу спецыяльных аперацыяў, створаную ў 1940 годзе на загад прэм’ера Вялікай Брытаніі Ўінстана Чэрчыла. УСА (дзеяла да 1946 года) абразліва называлі «таемнай арміяй Чэрчыла» і нават «міністэрствам нячэснай вайны», але на сёння яна вельмі папулярная ў заходнім кінематографе. Напрыклад, агенткай УСА ёсць Пэгі Картэр, каханая Капітана Амерыкі ў серыі коміксаў кампаніі «Marvel Comics». У час другой сусветнай вайны на акупаванай нацыстамі тэрыторыі УСА стварыла разгалінаваную агентурную сетку, што аб’ядноўвала 13 тысяч асобаў.

Пэгі Картэр. Крыніца: Вікіпедыя

У кастрычніку 1942 года першая спроба УСА знішчыць запас цяжкой вады ў Р’юкане (аперацыя пад назвай «Freshman» – «Незнаёмец») правалілася. Але ад ідэі не адмовіліся, бо стаўка была вельмі высокай. Была распрацаваная новая аперацыя пад назвай «Gunnerside» («Ганэрсайд»).

Шасцярых нарвежцаў, якія прайшлі спецыяльнае дыверсійнае рыхтаванне пад Лонданам, у студзені 1943 года высадзілі ў Нарвегіі. Ім прыйшлося пераадолець з 30-кілаграмовым запасам выбуховых матэрыялаў малапраходны маршрут, узабрацца на схіл вышынёй 150 м, дзе быў пабудаваны завод і праз тунэль для электрычных кабеляў дабрацца да цэху канцэнтрацыі цяжкой вады. А пасля паспяховага выканання дыверсіі нарвежцы пераадолелі 400-кіламетровы пераход у Швецыю.

Немцы аднавілі вытворчасць на заводзе, ператвораным гэтым разам у сапраўдную фартэцыю, толькі летам 1943 года, тым самым «Уранавы праект» быў запаволены. Пасля гэтага саюзнікі ўсё ж пайшлі на бамбаванне Р’юкану 140 бамбавальнікамі. Але, нягледзячы на страты сярод мірных жыхароў, завод, цяпер размешчаны на глыбіні, не атрымаў ніякіх пашкоджанняў. 20 лютага 1944 года чыгуначным паромам нацысты пачалі транспартаванне 15 т цяжкой вады ў Нямеччыну. Але нарвежскія дыверсанты здолелі правесці новую аперацыю: пранікнуць на паром і паставіць выбуховую прыладу, што і знішчыла каштоўны груз.

Знішчэнне чыгуначнай станцыі

30 ліпеня 1943 года на чыгуначнай станцыі Асіповічы была здзейсненая адна з найбольш удалых дыверсіяў на чыгунцы, якая паводле прозвішча яе выканаўцы ўвайшла ў гісторыю як дыверсія Крыловіча. Падпольшчык Фёдар Крыловіч паставіў дзве магнітныя міны, што замест аднаго знішчылі цэлыя чатыры эшалоны з палівам, боепрыпасамі і нават новымі нямецкімі танкамі «Тыгр», што накіроўваліся для ўдзелу ў Курскай бітве.

Фёдар Крыловіч быў карэнным менчуком і нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. У 1937–1940 гадах служыў у савецкім войску, удзельнічаў у баях з японцамі на Халхын-Голе і возеры Хасан, у савецка-фінскай вайне. Пасля вяртання з войска ўладкаваўся на працу электраманцёрам у Асіповічах, занятых нацыстамі 30 чэрвеня 1941 года.

Фёдар Крыловіч. Крыніца: partizany.by

Крыловіча, як і іншых чыгуначнікаў гораду, нацысты абавязалі вярнуцца на працу. Але ў дадатак да гэтага Крыловіч узяўся за арганізацыю падпольных груповак на 3-4 асобы, стварыў іх ажно дзевяць. Беларускія падпольшчыкі ў Асіповічах займаліся тым, што здзяйснялі дыверсіі на прадпрыемствах акупаванай нацыстамі тэрыторыі – знішчалі электраматоры, падрывалі платформы з палівам. Праз такую дзейнасць Крыловіч атрымаў давер з боку наркаму дзяржбяспекі БССР, які перадаў яму дзве магнітныя міны. Крыловіч іх схаваў на дне сваёй працоўнай валізы.

У ноч на 30 ліпеня 1943 года яго нечакана выклікалі на працу для рамонту зламанага семафора. У гэты ж час на станцыю «Асіповічы» прыбыў эшалон з палівам. Крыловіч доўга не вагаўся, скарыстаў момант і размясціў адну з магнітных мінаў на пачатку эшалона, а другую – у хвасце. Ён меркаваў, што міны выбухнуць, калі цягнік будзе ўжо дарозе, але нацысты пераставілі яго на іншае месца і пакінулі на станцыі. Крыловіч жа пасля выкананай працы вярнуўся дахаты.

А трэцяй ночы ў Асіповічах прагучалі моцныя выбухі. Здавалася, што неба абрынулася на мястэчка. Больш чым 10 гадзінаў на станцыі быў пажар, падчас якога нават збеглі зняволеныя мясцовага канцлагеру.

Усяго былі знішчаныя 4 эшалоны – 25 вагонаў з палівам, 65 вагонаў з боепрыпасамі, 5 новых танкаў «Тыгр», 7 бронеаўтамабіляў, 12 вагонаў з харчамі, што накіроўваліся на Курскую дугу, дзе разгортвалася пераломная бітва Другой сусветнай вайны ва Усходнееўрапейскім рэгіёне.

Фёдар Крыловіч здолеў пакінуць Асіповічы і далучыўся да паўстанцкага атраду, у якім узначаліў дыверсійную групу. Пасля вайны працягваў працаваць у Асіповічах на чыгуначнай станцыі. Адзіны медаль, якім ён быў узнагароджаны падчас вайны, – «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені. Пасля вайны яму далі яшчэ ордэн Леніна і медаль «Партызану Айчыннай вайны» І ступені.

Фёдар Крыловіч памер у 1949 годзе ва ўзросце 43 гадоў – даліся ў знакі атрыманыя ім раненні і кантузіі.

Hавiны
З’явілася новае відэа з магчымай атакай дронам расейскага самалёту А-50
2023.03.03 14:09

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў