Шаўцоў раскрытыкаваў Міжнародны Чырвоны Крыж за выкарыстанне беларускай мовы


Генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў назваў абсалютна палітызаваным рашэнне Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) прыпыніць сяброўства беларускай арганізацыі. Пра гэта ён заявіў у каментары БелТА, заадно раскрытыкаваўшы выкарыстанне беларускай мовы.

Дзмітрый Шаўцоў на акупаваных украінскіх тэрыторыях, Дмитрий Шевцов на оккупированных украинских территориях
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў (пасярэдзіне) падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»

Дзмітрый Шаўцоў прызнаўся, што пытанні да яго ўзніклі пасля ягоных паездак на акупаваны Расеяй украінскі Данбас. Міжнародная федэрацыя патрабавала ягонай адстаўкі, але на пазачарговым з’ездзе Беларускага Чырвонага Крыжа 7 верасня такое рашэнне не было ўхваленае. Федэрацыя не прыняла гэтага і патрабавала надалей адстаўкі Шаўцова. Паводле яго, яго на пазачарговым паседжанні Рады Федэрацыі падтрымалі толькі тры краіны: Расея, Венесуэла, Егіпет, а астатнія прагаласавалі за тое, каб прыпыніць сяброўства БЧК, калі Шаўцоў не сыйдзе ў адстаўку.

Але ён у адстаўку не пайшоў, і МФТЧКіЧП прыпыніла сяброўства беларускага аддзялення. Шаўцоў лічыць гэта «абсалютна палітызаваным» рашэннем.

Пры гэтым кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа таксама раскрытыкаваў Міжнародную федэрацыю за выкарыстанне беларускай мовы падчас публікацыі інфармацыі пра прыпыненне сяброўства.

«Апублікаванне на ўкраінскай і беларускай мовах – ва ўгоду ўкраінскіх уладаў, якія заклікалі Шаўцова ў Міжнародны суд, і ва ўгоду беларускай апазіцыі, якая таксама крычала, што Шаўцоў удзельнічае ў дэпартацыі дзяцей з Данбаса», – заявіў беларускі палітык.

Hавiны
Міжнародны Чырвоны Крыж прыпыніў сяброўства беларускага аддзялення ў арганізацыі
2023.12.01 20:08

Міжнародны Чырвоны Крыж з 1 снежня прыпыніў сяброўства беларускай арганізацыі ў Міжнароднай Федэрацыі Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца у сувязі з невыкананнем ім патрабаванняў аб зняцці з пасады Дзмітрыя Шаўцова.

Як сказана ў прэс-рэлізе арганізацыі, «гэта вынікае з рашэння Праўлення МФТЧКіЧП ад 3 кастрычніка 2023 года па выніках расследавання абвінавачанняў у адрас генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, выкліканымі яго заявамі, у тым ліку аб ядравай зброі і аб перамяшчэнні дзяцей у Беларусь, а таксама яго візітам у Луганск і Данецк». Падчас паездак на Данбас на рукаве ў Шаўцова была прыкмечаная нашыўка з літарай «Z» – знак агрэсіі супраць Украіны, і гэта нягледзячы на тое, што адным з базавых прынцыпаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа ёсць нейтральнасць. Шаўцоў таксама прызнаваў, што арганізацыя дапамагала рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з занятых расейцамі тэрыторыяў.

Пасля прыпынення сяброўства Беларускі Чырвоны Крыж губляе свае правы сябра МФТЧКіЧП і страчвае магчымасць атрымання фінансавання з боку міжнароднай арганізацыі на пэўны час. Пры гэтым Беларускі Чырвоны Крыж можа быць адноўлены ў сваіх правах, як толькі выканае рашэнне праўлення і здыме Шаўцова з пасады.

Hавiны
Кіраўнік Чырвонага Крыжа ў Беларусі заявіў пра выкарыстанне ядравай зброі
2023.07.20 21:50

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў