Не верце Belsat.eu! Але толькі 1 красавіка…


Журналісты-сепаратысты не маюць пачуцця гумару

У Беларусі, дзе «Бацька ўсё трымае ў руках», адбыўся інцыдэнт падчас святкавання Дня Волі, падчас якога група мясцовых зладзіла скокі, выкрыкваючы «Хто не скача, той маскаль», – паведаміла сёння інфармацыйнае агенцтва сепаратыстаў з Данбасу AnnaNews:

«Пасля гэтай падзеі Плошча Перамогі ў Менску была ўпрыгожаная расейскімі і беларускімі сцягамі, а над плошчаю вывесілі банер чамусьці на французскай і беларускай мовах «Je suis маскаль».

Аўтар AnnaNews мяркуе, што надпіс можна зразумець па-рознаму, у тым ліку і як «Беларусь у Еўропе, але з маскалямі». Агенцтва ўзгадвае таксама, што на інцыдэнт 25 сакавіка, калі апазіцыя святкавала Дзень Волі адрэагавала амбасада Расеі ў Менску. Накіравала да беларускіх уладаў ноту пратэсту, таму што тыя дазволілі апазіцыйную акцыю.

І хаця афіцыйна «яднанне» адбылося, сам факт такой дзейнасці ў сталіцы ўдзельніка Саюзнай Дзяржавы з Расеяй непакоіць, піша AnnaNews. І дадае:

«Падобна на тое, што Аляксандр Лукашэнка перад прэзідэнцкімі выбарамі праяўляе «палітычную звышгібкасць» у жаданні спадабацца ўсім. У дадзеным выпадку, ён як калісьці Януковіч дэманструе «талерантнасць» у прынцыповых пытаннях, аднак такая «талерантнасць» усё больш і больш размывае яго вобраз патрыёта ў асяроддзі насельніцтва РФ».

«Насельніцтва» пачало актыўна выражаць сваё меркаванне ў каментарах пад навіной.

«Палітычная звышгібкасць» – гэта новы тэрмін у сучаснай палітыцы. Заканчваецца крывавай рэвалюцыяй і зменай рэжыму на марыянеткавы празаходні», – гэта толькі адзін з каментароў.

На шчасці знайшоўся і такі, аўтар якога – у супрацьлегласць да аўтараў самой навіны – здагадаўся, што змешчанае на старонцы Belsat.eu 1 красавіка паведамленне пра банер над Плошчай Перамогі была толькі… першакрасавіцкім жартам.

Cez, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары