«Не пушчаць!» Як гарадзенскія ідэолагі спрабуюць забараніць любоў і салідарнасць


Адміністрацыя Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту ім. Я. Купалы разгарнула цэлую агіткампанію супраць студэнцкага «Маршу любові і салідарнасці».

Цягам апошняга тыдня дэканы і намеснікі дэканаў розных факультэтаў Купалаўскага універсітэту пачалі настойліва раіць студэнтам устрымацца ад удзелу ў студэнцкім маршы. Падобныя выпадкі былі на ваенным факультэце, калі намеснік дэкана па ідэалагічнай працы Міхаіл Кукаеў прасіў устрымацца ад удзелу ў вышэйузгаданым маршы. Варта ўзгадаць і Андрэя Гецэвіча – кіраўніка аддзелу арганізацыі забеспячэння ідэалагічнай і выхаваўчай працы, які раскрытыкаваў студэнцкі марш і заклікаў да няўдзелу студэнтаў ГрДУ.

Сустракаліся і такія выпадкі, калі прадстаўнікі адміністрацыі факультэтаў пагражалі «праблемамі» па вучобе некаторым студэнтам.

Аднак у прэс-службе ўніверсітэту адзначылі, што падобныя дзеянні ў дачыненні да студэнтаў не праводзяцца, а калі такое і было на якіх-небудзь факультэтах, то кіраўніцтву ВНУ пра падобныя выпадкі невядома.

Тым часам агітаваць супраць маршу «Любові і салідарнасці» пачалі і праз сацыяльныя сеткі з дапамогай афіцыйных суполак ГРДУ ім. Я. Купалы.

Напрыклад Каардынацыйны студэнцкі савет ГрДУ ў сваёй суполцы «Укантакце» перасцерагае студэнтаў ад удзелу ў гэтай акцыі, аргументуючы тым, што такім чынам студэнты могуць «патрапіць у палітычныя гульні».

Кіраўніцтва БУД таксама спрабуе здушыць «бунт». Рэктар Сяргей Абламейка звярнуўся да студэнтаў і працаўнікоў універсітэту праз афіцыйны сайт установы: «Рашэнне аб увядзенні платы за пераздачу залікаў і экзаменаў прынята пасля папярэдняга абмеркавання з усімі навучальнымі падраздзяленнямі ўніверсітэту, ладзіліся сустрэчы кіраўніцтва з органамі студэнцкага самакіравання, студэнцкіх саветам па якасці адукацыі праведзена апытанне думкі студэнтаў».

Рэктар Абламейка аб імя ўсяго БДУ выказаў абуранасць спробамі некаторых арганізацыяў зладзіць абмеркаванне па пытанні ўвядзення платных пераздачаў: «Лічым непрымальнымі спробы ўцягнуць студэнтаў нашага ўніверсітэту і іншых універсітэтаў краіны ў дэструктыўныя працэсы, закліканыя раскалоць акадэмічную супольнасць, скампраметаваць сістэму вышэйшай адукацыі краіны».

Яшчэ адзін цікавы факт наконт платных пераздачаў і адпрацовак з’явіўся зусім нядаўна – студэнты-замежнікі, якія навучаюцца ў БДУ, будуць плаціць за адпрацоўкі ў два разы больш і ды ў валюце. Для беларусаў пераздача экзамену будзе каштаваць ад 47000 да 53000 беларускіх рублёў, а для замежнікаў $ 6, што раўняецца 109000 беларускіх рублёў. Пераздаць залікі і кантрольныя работы будзе каштаваць ад 33000 да 37000 беларускіх рублёў для беларусаў, а для замежнікаў – $ 4, што раўняецца 72000 беларуcкіх рублёў.

Мікалай Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў