Не чужая вайна. Інтэрв’ю з беларускім валанцёрам, які дапамагае ў АТА


Украінскія вайскоўцы часта кажуць, што без дапамогі валанцёраў яны б нічога не змаглі зрабіць і расейскія танкі ўжо даўно былі б прынамсі ў Адэсе. Украінскім вайскоўцам ды мірным жыхарам, якія ўцяклі ад вайны, дапамагаюць і беларусы. Алег Ражкоў узяў інтэрвю ў аднаго з такіх добраахвотнікаў – акурат перад выездам у зону АТА.

Гамяльчук Андрэй Стрыжак у чацвёрты раз збіраецца ехаць у зону баявых дзеянняў пад Данецкам. Сёння мы можам паразмаўляць з ім пра валанцёрскую дзейнасць.

На Данбасе цяпер відавочна небяспечна. Чаму вы туды едзеце, што вас матывуе?

Адразу хачу падкрэсліць, што мы ездзім на тэрыторыю, якая пад кантролем украінскіх уладаў. Гэта не тэрыторыя «ДНР», таму можна адразу адкінуць палову верагоднай рызыкі. Там ёсць пэўная ўладная іерархія, уладныя інстытуты, збольшага гэта ўсё працуе нармальна і рызыкі менш. Калі казаць навошта туды ехаць: там мае сябры і знаёмыя, якія сталі для мяне амаль родныя. Увогуле Украіна для мяне – не чужая. Я на траціну ўкраінец і адчуваю дачыненне да таго, што там адбываецца. Таму я браў актыўны ўдзел у Майдане і таму зараз займаюся зборам дапамогі для ўкраінцаў.

Пад Данецкам на баку ўкраінскага войска ваююць таксама і беларусы. Чаму нашыя землякі едуць ва Украіну?

Трэба адрозніваць людзей, што займаюцца валанцёрствам, медычным валанцёрствам і ўласна добраахвотнікаў, якія ваююць на баку ўкраінскай дзяржавы. У кожнага ёсць свая матывацыя, не магу казаць за тых людзей, што там ваююць, але з таго, што я ведаю, яны маюць падобную матывацыю, як і я: яны не могуць быць абыякавымі і стаяць у баку. Кожны робіць тое, што ён можа і што для яго маральна дапушчальна. Напрыклад, для мяне маральна недапушчальна браць зброю ў рукі. Так было на Майдане, так ёсць цяпер і я спадзяюся, што зброі не давядзецца браць у рукі. Хаця сітуацыя можа скласціся па-рознаму, нават у Беларусі.

Якая дапамога цяпер патрэбная ўкраінцам і беларусам, якія знаходзяцца ў зоне баявых дзеянняў?

Мой профіль ды профіль ініцыятывы «Гуманітарны маршрут Беларусь – АТА» – гэта, па-першае, медыкаменты, якія ідуць у мясцовыя шпіталі на Данеччыне. Бывае цяжкая сітуацыя, калі параненых шмат. У межах медычнага кірунку мы сабралі 5,5 тысячаў еўраў разам з украінцамі на пакупку аўтамабіля хуткай дапамогі для аднаго са шпіталяў у зоне АТА. Лекары, якія будуць яго абслугоўваць, таксама добраахвотнікі. Гэта першы мабільны добраахвотны шпіталь імя Пірагова, яны працуюць паводле прынцыпу, што яны ўсе – валанцёры і збіраюць рэсурсы, каб абслугоўваць гэтыя машыны. Гэта будзе машына-рэанімабіль і яны даабсталююць яе да стандарту, нешта мы яшчэ дададзім з грошай, што сабралі звыш неабходнай сумы. Гэта будзе вельмі моцная справа. Рэанімабіль патрэбны, каб вывозіць параненых у цяжкім стане з перадавога шпіталя ў Днепрапятроўск. У звычайнай машыне такія людзі проста не даязджаюць.

Ці атрымалася сабраць штосьці акрамя грошаў?

Яшчэ людзі здаюць рэчы, якія патрэбныя для перасяленцаў, уцекачоў і сем’яў загінулых ды параненых байцоў на Чарнігаўшчыне. Нам удалося ўсталяваць добрыя кантакты з мясцовымі ўладамі і супольнасцю, таму мы дакладна ведаем, хто і што атрымае, якім чынам. Там каля 10 тысячаў асобаў перасяленцаў. 2 300 з іх жывуць у Чарнігаве, ім патрэбна амаль усё.

Яны ўцякалі да вайны, уцякалі ў тым, што на іх было. Гэта было ўзімку, а неўзабаве лета – многім нават хадзіць няма ў чым.

Гутарыў Алег Ражкоў, belsat.eu

Стужка навінаў