Нападнік на банк у Магілёве не дае паказанняў


Старшыня Следчага камітэту раскрыў некаторыя падрабязнасці справы нападу расейцам на банк у Магілёве.

Пра следства па справе нападу на банк і захоп закладнікаў Іван Наскевіч распавёў падчас сустрэчы з журналістамі ў чацвер.

«Складанасцяў з расследаваннем гэтай справы няма, хоць падазраваны не дае паказанняў. У нас ёсць ужо цэлы комплекс доказаў, дзякуючы якім мы, я думаю, у досыць кароткі тэрмін скончым расследаванне па справе і накіруем яе ў суд», – цытуе Наскевіча TUT.BY.

Кіраўнік ведамства заяўляе, што паводле факту нападу на банк завялі новую крымінальную справу – за разбой з ужываннем агнястрэльнай зброі. Раней была распачатая справа за захоп закладнікаў.

20 лістапада грамадзянін Расеі паспрабаваў абрабаваць аддзяленне «Беларусбанку» ў Магілёве. Ён быў у масцы, пагражаў пісталетам. Супрацоўніца банку паспела націснуць трывожную кнопку. Нападнік атрымаў грошы, якія патрабаваў, але аказаўся заблакаваным у банку супрацоўнікамі Дэпартаменту аховы, якія прыехалі па выкліку.

Зламыснік узяў у закладнікі некалькі чалавек, пасля чаго стаў патрабаваць аўтамабіль і прадстаўніка кіраўніцтва банку. Ягоную просьбу задаволілі. У якасці закладніка пад выглядам банкіра быў палкоўнік міліцыі Аляксандр Васільеў. Нападнік не паспеў ад’ехаць далёка, калі яго затрымалі байцы АМАПу.

ДД

Стужка навінаў