Справу «Белага легіёну» закрылі


Патрыятычная арганізацыя «Белы легіён» спыніла дзейнасць у 2005-м. Фота з архіву Сяргея Чыслава

Следчыя паставілі кропку ў першай у Беларусі справе паводле артыкулу 287 Крымінальнага кодэксу.

Пра гэта кіраўнік Следчага камітэту Іван Наскевіч заявіў падчас візіту ў Магілёў.

«Папярэдняе расследаванне па гэтай справе завершанае», – заявіў Наскевіч.

Крымінальны пераслед усіх удзельнікаў справы «Белага легіёну» спынілі яшчэ 27-га лістапада.

«Мы лічым, што гэтым пастаўленая кропка. Матэрыялы накіраваныя пракурору для вывучэння і ацэнкі законнасці прынятага рашэння. Фігуранты пачалі азнаямленне з пастановай аб спыненні крымінальнай справы і яе матэрыяламі», – дадае Наскевіч.

Па гэтак званай справе «Белага легіёну» (або «справе патрыётаў») праходзіла 35 чалавек. Беларускія сілавікі затрымалі іх напярэдадні сёлетняга Дня Волі. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фармаванні.

Фрау А.

Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што затрыманыя – баевікі, якія «трэнаваліся ў лагерах са зброяй» у Беларусі і за мяжой, а таксама рыхтавалі правакацыі.

12 красавіка БТ паказала фільм «Белы легіён чорных душаў».

У ім з’яўляецца нейкая «Фраў А.» – нібыта немка беларускага паходжання, якая паведамляе беларускай амбасадзе, што апазіцыя рыхтуе крывавы дзяржаўны пераварот. Таямнічая жанчына, распавядаючы, што баевікоў рыхтавалі за межамі Беларусі, узгадвае (хвіліна 48) пра польскі след: «Гэтыя правакатары, мелі сваё выхаванне ў польскіх лагерах. Іх падтрымлівала і фінансавала ў тым ліку і Польшча».

Апошні дзень восені

Некаторыя з затрыманых належалі ў мінулым да спартыўна-патрыятычнага клубу «Белы легіён», які спыніў дзейнасць 15 гадоў таму, некаторыя – былі чальцамі «Маладога фронту» і бабруйскага клубу «Патрыёт».

Кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык у чэрвені папярэджваў, што «пакуль заўчасна казаць, ці дойдзе да суду» справа «Белага легіёну», але ў выніку КДБ спыніў пераслед і перадаў расследаванне Следчаму камітэту. Апошніх фігурантаў справы выпусцілі на волю 30 чэрвеня. З некаторых абвінавачванні былі зняты цалкам, але расследаванне працягнулася.

Старшыня СК Іван Наскевіч абяцаў «на працягу восені» паставіць у справе кропку – і абяцанне стрымаў.

ДД

Глядзі таксама
Каментары