Найбагацейшыя людзі свету збяднелі на $ 194 млрд за першы тыдзень 2016 года


Фота forexninja.nl

За першы гандлёвы тыдзень новага 2016-га года 400 найбагацейшых людзей планеты страцілі ў сукупнасці $ 194 млрд праз цяжкасці ў кітайскай эканоміцы і падзенне коштаў на нафту, сведчаць звесткі «Bloomberg Billionaires Index». Тыдзень стаў найгоршым на амерыканскім фондавым рынку з 2011-га года.

Для параўнання, за першыя пяць гандлёвых дзён 2015-га сукупнае багацце чальцоў спісу мільярдэраў скарацілася толькі на $ 29 млрд.

Самыя вялікія страты сёлета – $ 5,9 млрд – панёс заснавальнік Amazon.com Джэфры Бэйзоўс (Jeffrey Bezos), які займае чацвёрты радок у спісе найбагацейшых людзей планеты. Лідар рэйтынгу – старшыня рады дырэктараў карпарацыі «Майкрасофт» Біл Гейтс – (Bill Gates) страціў $ 4,5 млрд, наступны за ім у спісе – уладальнік сетак крамаў, якія гандлююць вопраткай, Амансьё Артэга (Amancio Ortega) – згубіў $ 3,4 млрд.

Усяго страты ў $ 1 млрд і больш за гэты тыдзень панеслі 47 мільярдэраў.

Сукупнае багацце чальцоў спісу мільярдэраў «Bloomberg» ацэньвае ў $ 3,7 трлн (гэта прыкладна роўна ВУП Нямеччыны) супраць $ 4 трлн год таму.

МЯ, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары