Мітрапаліт Павел падарыў Лукашэнку абраз «Збаўца»


Фота: president.gov.by

7 студзеня кіраўнік Беларусі наведаў Свята-Духаў кафедральны сабор, паведамляе president.gov.by. Аляксандр Лукашэнка запаліў свечку і паставіў яе каля Менскага абраза Божай маці. Яго сустрэў мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. Падчас прамовы Аляксандр Лукашэнка назваў галоўную падзею 2017 года.

«Мы пражылі вельмі складаны год. Я не буду ўдавацца ў падрабязнасці, ужо шмат казаў і напрыканцы года, і ў сваім навагоднім звароце. Але галоўная ўсеагульная падзея гэтага года – нам, як і марылі год таму (я ў тым ліку, стоячы тут, казаў пра гэта. – Заўв. president.gov.by), удалося пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў нашай эканоміцы, і гэта паўплывала на ўсё грамадства», – заявіў Лукашэнка.

«Жыццё ў нас не прыўкраснае, я гэта разумею, яно цярпімае. Мы павінны зрабіць крок наперад, узняцца на прыступку вышэй, каб гэтае жыццё было не проста цярпімым, а нармальным. Асаблівасці цяперашняга моманту ў тым, што ў нас усё для гэтага ёсць. І мы абавязкова павінны разам з вамі зрабіць гэты крок, на гэтую прыступачку ўзняцца. І тады ў нас праз год будзе пра што размаўляць, і ў нас зусім іншы будзе настрой», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік краіны падарыў Беларускай праваслаўнай царкве абраз Раства Хрыстовага, напісаны ва ўнікальнай тэхніцы воскавай тэмперы. Іканаграфія блізкая да Полацкай фрэскі і традыцыйная для беларускай школы іканапісу ХІІ стагоддзя, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі. Мітрапаліт Павел падарыў Аляксандру Лукашэнку абраз «Збаўца». Яго прывезлі з Іерусаліма і асвяцілі на Труне Гасподняй.

Фота: president.gov.by. Мітрапаліт Павел уручае Аляксандру Лукашэнку абраз «Збаўца»

ЮВ, belsat.eu

 

Стужка навінаў