Каляды па-беларуску. Фотагісторыя


6 студзеня 2018 года. Павадыр з казой. Вёска Міхалькі Гомельскага раёну. Фота – Ларыса Шчыракова

За абрадам традыцыйнага калядавання назірала Ларыса Шчыракова.

Моладзевая суполка «Талака» зладзіла калядаванне ў вёсцы Міхалькі на Гомельшчыне ў суботу 6 студзеня. Калядны гурт з казой ды мядзведзем, зорканошам, механошам, музыкамі ды цыганамі рушыў з каляднымі спевамі па вёсцы, абыходзіў хаты, віншаваў вяскоўцаў з Калядамі ды Раством.

У хаце каза кланялася гаспадарам, танчыла, падала на падлогу і прыкідвалася, нібыта, памерла. Як толькі калядоўшчыкаў-талакоўцаў адорвалі пачастункамі, каза ўсхоплівалася і зноў танчыла.

Прыйшла Каляды ўвечары

Прынесла пірагі ў рэшаце

Паставіла пірагі на стаўпе

Сама села Каляда ў куце

«Ой ці дома, дома сам пан гаспадар»
Калядоўшчыкі грукаюцца ў хату: «Паны, гаспадары, дазвольце пакалядаваць»
«Стань каза, расхадзіся, панам гаспадарам – пакланіся»
«Каза ідзе, радасць нясе»
«Каза ўпала, здохла, прапала, а каб каза ўстала, трэба кавалак сала»
«Не памірай, козачка, паны – гаспадары – добрыя і шчодрыя, а хто казе не дае, той кепска жыве»
«Мяшок напаўняецца – каза падымаецца»
«Ой ты, козачка, ой ты – шэрая»
«А я – мядзведзь вучоны – Смаргонскую акадэмію скончыў»
Пачастунак для казы
Падпальванне саламянага казла
Карагод вакол вогнішча
Спальванне саламянага павука

Сёлета ўпершыню талакоўцы ўзнавілі абрад спальвання саламянага казла ды павука, які яны запісалі падчас экспедыцыі. Абрад сімвалічна меўся спаліць усё нядобрае, што было ў мінулым годзе.

Талакоўскі калядны гурт у Міхальках пад Гомлем
Святочная вячэра падчас калядавання ў вёсцы Міхалькі
Абрад «Келіх кола» – па колу перадаецца крупнік, кожны п’е і віншуе са святам прысутных
Куцця – святочная калядная страва

Пасля абыходу хат талакоўцы зладзілі святочную вячэру з традыцыйнай каляднай стравай – ячнай куццёй. Апоўначы дзяўчаты паваражылі на свой лёс.

Варажба на воску
Варажба падчас спальвання паперы

Апоўначы дзяўчаты паваражылі на свой лёс: лілі ў ваду са свечкі воск і глядзелі на выяву і цень, падпальвалі газету і па ценю вызначалі сваю будучыню – замужжа і долю. Паваражылі талакоўцы і на лёс Беларусі, але пра вынікі не паведамілі, каб было цікавей жыць.

Тэкст і фота – Ларыса Шчыракова

Стужка навінаў