Міліцыя ўзяла тлумачэнні ў дырэктара крамы, дзе прадаюць бел-чырвона-белыя сцягі


Падчас футбольнага матчу ў Маладзечне затрымалі юнака з бел-чырвона-белым сцягам. Малады заўзятар распавёў, што набыў гістарычную сімволіку Беларусі ў symbal.by. А пасля ў офіс крамы, што займаецца продажам нацыянальных сцягоў, з праверкаю скіравалі ўчастковага.

«Белсат» паразмаўляў з Паўлам Белавусам, дырэктарам крамы, якой зацікавіліся праваахоўныя органы.

Як даўно прадаеце нацыянальныя сцягі і ці ёсць попыт?

Сцягі мы прадаем ужо год, ад самага заснавання крамы symbal.by, у нас на сайце ёсць нават адмысловы раздзел, дзе акрамя вялікіх сцягоў, можна набыць настольныя, аўтамабільныя сцяжкі і бел-чырвона-белую стужку.

Было некалькі фактараў, якія натхнілі мяне на стварэнне крамы з беларускай нацыянальнай сімволікай. Гэта адсутнасць прапановы пры вялікім попыце. Статус герба «Пагоня», як гісторыка-культурнай каштоўнасці і адсутнасць законаў, якія б забаранялі бел-чырвона-белы сцяг ці прыраўноўвалі да забароненай сімволікі.

Усе выпадкі, калі забіраюць сцягі – гэта перагібы асобных прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія «падмацоўваюць» незаконнымі мітынгамі ці пікетаваннямі, нібыта лаянкай у грамадскім месцы, а не забароненасцю сцяга.

На сённяшні дзень пасля «вышымаек» бел-чырвона-белая сімволіка і сувеніры з гербам «Пагоня» на другім месцы па папулярнасці ў нашай краме.

Як звалі міліцыянта, што прыходзіў да вас? Ці прадставіўся ён?

Міліцыянт не прадставіўся, ды і я замітусіўся, забыўся папрасіць прадставіцца. Сказаў толькі, што ён – участковы ў гэтым раёне Менску і яго скіравалі па справе, якая адбылася ў Маладзечне, ды паклаў паперы з фотаздымкамі справы, на якіх быў бел-чырвона-белы вялікі сцяг і маленькі сцяжок. Іх сканфіскавалі ў нейкага хлопца на футбольным матчы ў Маладзечне, ён распавёў, што набыў сімволіку ў нас.

Ці былі з боку міліцыянта нейкія патрабаванні?

Патрабаванняў не было, ён папрасіў даць тлумачэнні, а таксама паказаць дакументы, на падставе якіх адбываецца гандаль. Гэта ўсё ў нас ёсць, таму далей ніякіх пытанняў не было.

Ці здараліся раней курёзныя сітуацыі, звязаныя з продажам БЧБ?

Курёзаў не было, былі прыемныя гісторыі. Напрыклад прыходзіць бацька з 12-ці гадовым сынам. І бацька пытаецца: «Ну што ты тут хацеў?», а той паказвае на бел-чырвона-белы сцяг. І бацька яму з задавальненнем яго набывае.

Прыходзілі, напрыклад, з АНТ здымаць пра нас рэпартаж. Я кажу: а вас не бянтэжыць, што ў нас бел-чырвона-белыя сцягі і Пагоні? «Не хвалюйцеся, мы здымем тое што нам трэба», – адказваюць. І здымаюць добры рэпартаж пра моду на арнамент у Беларусі, рэкламуючы краму, але акцэнтуючы ўвагу на вышыванках і вышымайках.

Ці будзеце далей прадаваць сцягі ў выпадку прэтэнзіяў з боку міліцыі?

Бел-чырвона-белая сімволіка – гэта фішка нашай крамы. Мы сваім прыкладам хочам паказаць, што не трэба баяцца і самім ствараць забароны, калі іх ніхто не стварыў. Для нас Пагоня і сцяг – гэта гісторыя, гэта сімвалы краіны, гэта рэчы, якія павінен мець у хаце кожны свядомы беларус. Не дарма ж у нас слоган «symbal.by – рэчы, якія варта мець беларусу».

Мы не хаваем таго, што symbal.by – гэта ўнікальная пляцоўка, якая займаецца папулярызацыяй і пашырэннем рэчаў і з’яваў, якія прысвечаныя беларускай мове, культуры і гісторыі.

На пляцоўцы размешчаныя рэчы, якія створаныя беларусамі і па-беларуску, дыхаюць беларушчынай, народным каларытам ды здаровым патрыятызмам.

Мікіта Семяненка, belsat.eu

Стужка навінаў