Мэсі падарыў кашулю афганцу, які хадзіў у цэлафанавым пакеце


Муртаза Ахмадзі – сусветная зорка.

Напрыканцы студзеня ў інтэрнэце зʼявілася фота афганскага хлопчыка, які носіць паласаты пластыкавы пакет з намаляваным ад рукі нумарам 10 і імем Мэсі. Пасля таго, як фота пабачыў Мэсі, ён даслаў Муртазу дзве нармальныя кашулі.

Перадача падпісаных футбалістам кашулі і мяча адбылася праз Дзіцячы фонд Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў. Бацька Муртазы, Арыф Ахмадзі, кажа, што гэта – найшчаслівейшы момант у жыцці ягонага пяцігадовага сына: «Ён толькі шкадуе, што кашулькі футбаліст не перадаў асабіста».

Самы адданы фанат Мэсі жыве ў Афганістане.

Афганская федэрацыя футболу спрабавала зладзіць спатканне Муртазы непасрэдна з Мэсі, але «Барсэлона» не падтрымала гэтую ініцыятыву.

На гэтым тыдні Мэсі быў моцна заняты: у аўторак ён гуляў у Лондане ў матчы Лігі чэмпіёнаў.

«Барсэлона» перамагла «Арсенал» з лікам 2: 0 дзякуючы менавіта галам аргентынца.

Паводле Арыфа Ахмадзі, сын цяпер проста не здымае падарунак.

«Я люблю Мэсі, а мая кашуля – пацверджанне таго, што Мэсі любіць мяне», – кажа сам Мустафа.

ДД, belsat.eu; фота: UNICEF; Hamayon Ahmadi

Глядзі таксама
Каментары