Мэр украінскага гораду прапанаваў Парашэнку перайменаваць Украіну


Кіраўнік адміністрацыі гораду ў Жытомірскай вобласці Наваграда-Валынскага Уладзімір Загрывы ўнёс прапанову прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку перайменаваць дзяржаву Украіну ва «Украіна-Русь».

Пра гэта паведамляе аддзел інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Наваград-Валынскай гарадской рады, інфармуе zhitomir.info.

«Гарадскім галавою Уладзімірам Загрывым выдадзена распараджэнне № 147 ад 28.07.15, у якім гаворка ідзе аб унясенні прапановы Прэзідэнту Украіны адносна ініцыявання змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Украіны шляхам перайменавання дзяржавы Украіна на назву «Украіна-Русь» (Кіеўская Русь)», – паведамляе прэс-служба.

Тэкст прапановы будзе накіраваны Вярхоўнай Радзе, ураду і Асацыяцыі гарадоў Украіны, усім гарадскім кіраўнікам для разгляду, абмеркавання і ўнясення зменаў у Канстытуцыю Украіны.

Адпаведны ліст накіраваны прэзідэнту Украіны, гаворыцца ў паведамленні.

У лісце адзначаецца, што менавіта гэтая назва (Русь – рэд.) была выкрадзеная ва ўкраінскага народу разам з яго слаўнай гісторыяй і прысвоена некалькі стагоддзяў таму цяперашняй краінай-агрэсарам. «Указаны факт стане выразам найлепшай павагі для шматмільённых украінскіх патрыётаў, якія аддалі свае жыцці за свой Народ. Так пачнецца актыўны працэс пабудовы Новай Украіны-Русі», – паведамляе прэс-служба мэрыі.

Мэр Наваграда-Валынскага Уладзімір Загрывы год таму вырашыў працаваць без зарплаты, каб ашчадзіць дзяржаўныя сродкі.

МЯ, паводле zhitomir.info

Стужка навінаў