Менск патрабуе ад Польшчы выдаць прадпрымальніка, які друкаваў улёткі для апазіцыі


Справа Аляксея Дрыка можа мець не крымінальны, але палітычны кантэкст. Такое меркаванне выказаў прадстаўнік Хельсінкскага фонду правоў чалавека.

Сёння ў акруговым судзе Варшавы адбыўся разгляд запыту беларускай генеральнай пракуратуры на экстрадыцыю актывіста з Польшчы. Менск высунуў супраць яго абвінавачанні ў нявыплаце падаткаў буйнога памеру, фальсіфікацыі дакументаў і падатковай дэкларацыі. Абаронца перакананы ў станоўчым для кліента выніку.

«Мы маем мноства дакументаў і відавочцаў, якія могуць сведчыць на карысць Аляксея Дрыка. Гэта сведчанні, якія пацвярджаюць перадусім ягоную апазіцыйную дзейнасць. Падаецца, пры такой колькасці дакументаў і доказных матэрыялаў рашэнне мусіць быць на нашую карысць», – кажа Міхал Захарскі, адвакат Аляксея Дрыка.

Прадстаўнік Хельсінкскага фонду правоў чалавека ў Польшчы Яцэк Бялас звяртае ўвагу, што паводле Жэнеўскай канвенцыі, асобу, якая прэтэндуе на статус уцекача, не могуць выдаць.

Аляксей Дрык прыехаў у Польшчу ў 2014-м годзе пасля пераследу з боку КДБ і спробаў яго завербаваць.

У размове з «Белсатам» актывіст кажа, што браў удзел у акцыях беларускай апазіцыі з 2006 года, займаўся таксама друкам улётак. У 2011-м годзе малады чалавек распачаў прадпрымальніцкую дзейнасць – адкрыў сваю друкарню і працягнуў друк апазіцыйных матэрыялаў.

У 2013-м годзе да яго пачалі прыходзіць супрацоўнікі КДБ – аказвалі ціск і спрабавалі завербаваць.

У 2014-м годзе Аляксей прыехаў у Польшчу і папрасіў палітычнага прытулку, але неўзабаве даведаўся, што ў Беларусі супраць яго распачалі крымінальную справу, а Менск дамагаецца ягонай экстрадыцыі.

Праз крымінальную справу пытанне прытулку аказалася фактычна замарожаным: ужо год Аляксей знаходзіцца ў Польшчы без візы ці іншых дакументаў.

Мужчына працуе ў лагістычнай фірме.

«Мы звярнулі ўвагу суду, што ўлады Беларусі часта выкарыстоўваюць сістэму Інтэрполу для пераследу апазіцыянераў, якія перабываюць за мяжою. Як прыклад мы прывялі асобу Алеся Міхалевіча, якога таксама пераследавалі пры дапамозе сістэмы Інтэрполу. Таксама да ягонага затрымання дайшло ў Польшчы», – кажа Яцэк Бялас.

Сёння ў суд падтрымаць маладзёна прыйшлі не толькі паплечнікі-суайчыннікі, але і ўкраінцы, актывісты фонду «Еўрамайдан Варшава».

Наступнае паседжанне адбудзецца 8 чэрвеня.

 

ДД

Стужка навінаў