Лукашэнка: У Беларусі затрымалі баевікоў са зброяй. Іхныя лагеры былі пад Бабруйскам, у Польшчы, Украіне і Літве


Кіраўнік Беларусі паведаміў пра гэта падчас сустрэчы з працаўнікамі прадпрыемства «Кронаспан» у Магілёве, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Адказваючы на ​​пытанне аднаго з працаўнікоў пра прычыны актывізацыі гэтак званай пятай калоны, – піша president.gov.by – і розных апазіцыйных структураў, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Як паказала рэчаіснасць, яны не спалі (асобныя – Заўв. president.gov.by), яны паціху рыхтаваліся на выпадак, выбіралі момант».

«Яны не толькі не спалі. Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (не тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі – Заўв. president.gov.by), якія вучыліся ў лагерах са зброяй. Дарэчы, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйску і Асіповічаў. Астатнія – ва Украіне. Па-мойму, ў Літве ці ў Польшчы (не буду сцвярджаць, але дзесьці там – Заўв. president.gov.by), – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй».

«Дзякуй, што ёсць сапраўдныя беларусы і беларускі, якія пабываўшы за мяжою – Еўразвязе – папярэдзілі нас. Жанчына прыйшла ў амбасаду і папярэдзіла, афіцыйна напісала ліст: рыхтуецца правакацыя. І мы пачалі разбірацца. І сапраўды выйшлі на вельмі цікавыя рэчы», – распавёў Аляксандр Лукашэнка.

«Насцярожвае тое, што як толькі ў нас заварушылася пятая калона… Яны і самі клічуць, і ахвотныя зʼявіліся зладзіць нам тут заварушку. Вы павінны разумець, што ў свеце такіх людзей не сотні тысячаў, але тысячы ёсць, – спецыялістаў, якія здзяйсняюць правакацыі. Яны, вядома ж, кіруюцца спецслужбамі пэўных дзяржаваў», – цытуе кіраўніка Беларусі belta.by.

«Гэтыя правакатары звычайна запатрабаваныя там, дзе гарачыя кропкі. Гэта яны стралялі, завадзілі натоўп. Пачынаецца паніка і цісканіна, людзей настройваюць адзін супраць аднаго і, як снежны ком, пачынаецца гэтае абурэнне. Тады чалавеку падсоўваюць зброю, пачынаючы ад нажа і скочваючы стралковым. І звычайны чалавек, які нібыта прыйшоў патрабаваць сваё, становіцца баевіком. Гэта цэлая тэхналогія каляровых рэвалюцыяў», – патлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Падчас свайго візіту ў Магілёў кіраўнік Беларусі ўзгадаў нядаўнюю акцыю недармаедаў. «Выйшлі ў Магілёве 200 асобаў на плошчу на працу прасіцца, а калі ім прапанавалі працу, яны ўсё разбегліся. Гэта значыць, што ім праца не была патрэбная. Арганізавалі людзей разам з пятай калонай, і пайшла гэтая хваля па буйных гарадах», – заявіў Лукашэнка.

«Там (за мяжой – Заўвbelta.by)… Убачылі, што ёсць попыт на правакатараў. Следства разбярэцца. Узбуджаная крымінальная справа. Яны спрабуюць прарвацца на нашую тэрыторыю. Гэта не адзінкавы выпадак, не ў гэтым толькі годзе. Яны ўвесь час то пісталеты, то кулямёты, то гранаты завозяць у Беларусь. Я паглядзеў гэты сюжэт. Там не ўсе паказалі. Мяне насцярожыла, што знойдзены аўтамат без нумара».

Імаверна, што Аляксандр Лукашэнка мае на ўвазе заяву беларускіх памежнікаў пра аўта са зброяй, якое нібыта спрабавала ўехаць у Беларусь 20 сакавіка. Украінскія памежнікі сцвярджаюць, што такі аўтамабіль ад іх не выязджаў.

20 сакавіка беларускія памежнікі прызналі, што «падставаў весці размову пра аўта, якое праехала праз украінскі пункт пропуску – няма», – піша ў сваім «Facebookʼу» афіцыйны прадстаўнік украінскай памежнай службы Алег Слабадзян.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў