Лукашэнка раіць беларусам больш думаць не пра вайну, а пра эканоміку


МАЗ, БелАЗ і «Мотавела» – гэта твар нашай краіны, і згубіць гэтыя прадпрыемствы мы не маем права. З гэткімі словамі падчас свайго візіту на Менскі аўтамабільны завод выступіў Аляксандр Лукашэнка. Аднак дадаў, што новыя інвестыцыі ў вытворчасць дзяржава будзе рабіць толькі пад новыя рынкі збыту. І гэта пры тым, што цяпер і старыя – пад пытаннем.

Кіраўнік Беларусі паабяцаў беларусам пераадолець эканамічныя цяжкасці, захаваўшы мір і спакой у краіне. У размове з працаўнікамі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гарантуе забеспячэнне ў Беларусі бяспекі, міру і спакою.

«Вы за вайну не перажывайце. У нас галоўная праблема – эканоміка. Калі мы перажывем гэтыя цяжкія часы – а яны рана ці позна скончацца, нам тады ніхто не страшны. Мы гэта пераадолеем, мы моцныя людзі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік краіны звярнуў увагу, што, калі ў якой-небудзь дзяржаве ідзе вайна, людзі не гавораць пра заробкі або пенсіі – ім патрэбны мір. «Мы ні з кім не збіраемся ваяваць і не будзем гэтага рабіць. Мы не збіраемся падставіцца гэтак, што супраць нас хтосьці будзе ваяваць. Тым больш мы ні на каго не збіраемся нападаць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён адзначыў, што Беларусь сурʼёзна мадэрнізавала Узброеныя Сілы і гатовая імгненна адказаць на вонкавыя пагрозы.

МЯ, Belsat, паводле belta.by

Стужка навінаў